Даўжыня цела 16-18 см, размах крылаў 29-38 см. Даволі выразны палавы дымарфізм. Самец у шлюбным уборы з чорнымі верхам цела і канцамі крылаў, галава і астатнія часткі цела белыя. Узімку чорныя толькі канцы крылаў і сярэдзіна хваста. Самка ўзімку больш цёмная (у шлюбным уборы верх галавы амаль чорны). Маладыя падобныя да самкі (часам без белай плямы на крылах). Спеў — высокія, хуткія трэлі, падобныя на голас палявога жаўрука.
Насяляе камяністую тундру са скальнымі абрывамі (асабліва, у суседстве рачных далін), марское ўзбярэжжа (скалы, часта ў калоніях марскіх птушак), жыве паблізу ад снягоў і ільдоў (можа засяляць скалы, што выступаюць са снегу), а таксама месцы з нізкімі карлікавымі раслінамі; узімку — адкрытыя тэрыторыі, часцей за ўсё, палі, дарогі побач з паселішчамі, ускрайкі лясоў, прыморскія пляжы, тарфяныя дзюны без снежнага покрыва і г.д. У гарах даходзіць да 2300 м над у.м.
Пералётная. Некаторыя папуляцыі (напрыклад, з Ісландыі) часткова аселыя. Месца зімовак: Еўропа, поясам праз Цэнтральную Азію і Японію, паўночная, цэнтральная і паўднёвая часткі Паўночнай Амерыкі. Выпадкова залятаюць далёка на поўдзень (Балеары, Мальта, Турцыя, Мадэйра, Канары, Азоры, Партугалія). На Беларусі не гняздзіцца, рэгулярна адзначаецца толькі пад час транзітных міграцый, у паўднёвай частцы таксама часам на зімоўцы.
Гняздо мяккае, з травы, сцёблаў раслін, моху і лішайнікаў ладзіць пад дахам, у шпакоўні, пад навісам дзірвану, у скальных шчылінах, пад камянямі, а таксама ў сценах будынкаў. Высцілка з тонкай травы, шэрсці (звычайна лісы) і пёраў белай курапаткі. Дыяметр 7-8 см.
Яйкі (4-6) авальныя (ад падоўжаных да крыху эліптычных), светла-блакітныя, зеленавата-блакітныя, часам жаўтаватыя і бледна-зеленаватыя. Глыбокія плямкі шэра-фіялетавыя або светла-ружова-ржавыя, паверхневыя — светлыя, невыразна чырвона-ржавыя або пурпурова-чорныя, могуць канцэнтравацца на шырэйшым канцы. Памеры: 22 х 16 мм.