Сон Хе Кё (кар.: 송혜교, ханча: 宋慧敎[A]; нар. 22 лістапада 1981, Тэгу, Паўднёвая Карэя)[B] — паўднёвакарэйская актрыса і мадэль. Сон набыла папулярнасць за мяжой краіны дзякуючы ролям у серыялах «Восеньская казка» (2000), «Ва-банк» (2003), «Фул Хаўс» (2004), «Узімку дзьме вецер» (2013), «Нашчадкі сонца» (2016), «Нечаканая сустрэча» (2018), «Цяпер мы растаёмся» (2021). Яна таксама знялася ў фільмах «Хван Джыні» (2007), «Гросмайстар» (2013), «Маё выдатнае жыццё» (2014) і «Каралевы» (2015).
Сон Хе Кё | |
---|---|
кар.: 송혜교 | |
Дата нараджэння | 22 лістапада 1981 (42 гады) |
Месца нараджэння | Тэгу, Паўднёвая Карэя |
Грамадзянства | Рэспубліка Карэя |
Муж | Сон Джун Кі (аж. 2017; раз. 2019)[3] |
Адукацыя | Універсітэт Сэджон |
Месца працы |
|
Прафесія | |
Кар’ера | 1996–дагэтуль |
Узнагароды | |
IMDb | ID 1046845 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
У 2017 годзе Сон Хе Кё заняла сёмае месца ў спісе часопіса Forbes «40 найбольш уплывовых карэйскіх знакамітасцей»[5], а ў 2018 — шостае[6]. Яна ўзгадваецца, як адна з «Тройкі», разам з Кім Тэ Хі і Джун Джы Хён, больш вядомымі пад змяшаным словам «Тэ-Хе-Джы». Поспех тэлесерыялаў, у якіх знялася Сон, на міжнародным узроўні зрабіў яе адной з галоўных «зорак Халю»[7].
Сон Хе Кё нарадзілася ў Тэгу, Паўднёвай Карэі. Пры нараджэнні дзяўчынка была вельмі хворая, таму яе бацькі і лекары лічылі, што яна не выжыве. Але хутка Сон ачуняла. Пасля гэтага яе бацькі зарэгістравалі яе нараджэнне 26 лютага 1982 года (замест сапраўднай даты нараджэння: 22 лістапада 1981)[2].
Бацькі Сон разышліся, калі тая была зусім маленькай, таму яе выхоўвала адна толькі маці[8]. Праз нейкі час яны пераехалі з Тэгу ў Каннам, адзін з раёнаў Сеула. Там Сон Хе Кё пайшла ў пачатковую школу і пачала наведваць трэніроўкі па фігурнаму катанню, якія кінула ў восьмым класе[9]. Сон лічыла сябе сарамлівай і замкнёнай у сабе, але калі яна вучылася ў жаночай сярэдняй школе Іхва, настаўніца апісвала яе як «вясёлую дзяўчыну, якая добра ставілася да сваіх сяброў і заўжды была ў добрым настроі»[10][11]. Пасля заканчэння школы Сон Хе Кё вучылася ва ўніверсітэце Сэджон на факультэце кінамастацтва, які скончыла са ступенню бакалаўра.[12]
У 1996 годзе чатырнаццацігадовая Сон, якая тады яшчэ была вучаніцай сярэдняй школы, выйграла першае месца ў мадэльнам конкурсе прыгажосці SunKyung і дэбютавала ў якасці мадэлі для кампаніі па вытворчасці школьнай формы[13]. Дзяўчына была адзначаная адной з забаўляльных кампаній, якая пасля прапанавала ёй маленькую ролю ў тэлесерыяле «Першае каханне». Сон пасля знялася ў шэрагу драм і сіткамаў, найбольш вядомы з якіх «Лякарня Сунпун»[14]. Але ў 2000 годзе Сон Хе Кё знялася ў серыяле ад KBS «Восеньская казка» разам з Сон Сын Хонам і Вон Бінам, што дапамагло ёй набыць папулярнасць у Карэі і вогуле ў Азіі[15]. Рамантычная меладрама мела паспяховы рэйтынг сярод гледачоў, запачаткаваўшы новы трэнд у карэйскіх меладраматычных серыялах і стаўшы адным з заснавальнікаў так званай «карэйскай хвалі», Халю. Гэта зрабіла Сон зоркай Халю.[16]
У 2003 годзе папулярнасць актрысы пачала расці пасля таго, як яна знялася ў галоўнай ролі ў тэлесерыяле «Ва-банк» разам з Лі Бён Хонам[17]. Серыял атрымаў вялікія рэйтынгі сярод гледачоў па ўсёй краіне на працягу ўсяго паказу з найбольшым рэйтынгам гледачоў у 47,7 адсоткаў[18]. У наступным годзе Сон знялася разам са спеваком Рэйнам у папулярным рамкаме «Фул Хаўс»[19]. Серыял быў паспяховым на тэрыторыі ўсёй Азіі і зрабіў Сон Хе Кё адной з самых вядомых карэйскіх актрыс у рэгіёне[16][20][21].