Соні Кларк

Соні Кларк
англ.: Sonny Clark
Асноўная інфармацыя
Поўнае імя Конрад Іціс Кларк
Дата нараджэння 21 ліпеня 1931(1931-07-21)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 студзеня 1963(1963-01-13)[1][2][…] (31 год)
Месца смерці
Краіна
Музычная дзейнасць
Прафесіі піяніст, кампазітар, джазмен, студыйны музыкант
Гады актыўнасці 1953–1962
Інструменты фартэпіяна
Жанры джаз, хард-боп
Супрацоўніцтва Джэкі Маклін, Кёрціс Фулер, Лі Морган, Хэнк Моблі, Грант Грын, Дэкстэр Гордан, Джон Колтрэйн, Пол Чэмберс, Філі Джо Джонс, Макс Роўч, Дзіна Вашынгтон
Лэйблы Blue Note, Time

Соні Кларк (англ.: Sonny Clark), сапр. Конрад Іціс Кларк (англ.: Conrad Yeatis Clark; 21 ліпеня 1931 — 13 студзеня 1963) — амерыканскі джазавы піяніст, які працаваў пераважна ў рамках ідыёмы хард-бопа.

Нарадзіўся 21 ліпеня 1931 года ў невялікім вугальным горадзе Герміні, штат Пенсільванія, каля 40 кіламетраў на ўсход ад Пітсбурга. Бацькі Соні Кларка выраслі і сустрэліся ў сельскай мясцовасці ў штаце Джорджыя, адкуль пасля мігрыравалі ў Пенсільванію, спачатку — у горад Аліквіпа, дзе бацька Кларка працаваў на каменнавугальным складзе, а потым, праз пераслед з боку Ку-Клукс-Клана, вымушаны былі з'ехаць у шахцёрскі гарадок Герміні. Бацька Соні Кларка — Эмары Кларк — памёр ад антракозу лёгкіх неўзабаве пасля нараджэння Соні — 2 жніўня 1931 года. Соні Кларк быў выгадаваны сваёй маці — Рут Шэферд Кларк — а таксама старэйшымі братамі і сёстрамі, бо быў наймалодшым у сям'і.

Пасля смерці бацькі сям'я пераехала з дому, што належаў вугальнай кампаніі, у гатэль Redwood Inn у Герміні, дзе кожныя выходныя арганізоўваліся джазавыя танцавальныя вечарыны. Ва ўзросце 4 гадоў Соні Кларк пачаў вучыцца іграць на фартэпіяна. З ім займаўся прыватны настаўнік, а таксама яго старэйшы брат Джордж. У 6 год Соні Кларк пачаў іграць прафесійна на вечарынах у гатэлі. Дачка ўладальніка гатэля Джын Рэдвуд Дуглас успамінала, што акрамя фартэпіяна, Соні Кларк мог іграць на ксілафоне, гітары і кантрабасе.[3] Гэтым ён прыцягнуў да сябе ўвагу радыё шоў, куды яго запрасілі сыграць бугі-вугі, а таксама газеты Pittsburgh Courier, якая апублікавала пра яго артыкул. Калі вучыўся ў школе, прафесійна іграў у Пітсбургу і бліжэйшых населеных пунктах. 7 жніўня 1946 года ягонае імя з'явілася ў праграме гістарычнага канцэрту «Night of the Stars», на якім выступілі вядомыя джазавыя піяністы — выхадцы з Пітсбурга, такія як Эрл Хайнс, Мэры Лу Уільямс, Білі Стрэйхорн, Эрал Гарнер і іншыя.[4]

У 1951 годзе старэйшы брат Кларка ўзяў яго з сабой у Лос-Анджэлес, каб наведаць цётку. Соні вырашыў застацца ў Каліфорніі, дзе ён іграў з прадстаўнікамі джазу заходняга ўзбярэжжа, такімі як Стэн Гетц, Арт Фармер, Аніта О'дэй і іншымі. У 1953 годзе ён першы раз паўдзельнічаў у студыйным запісы на лэйблы Verve разам з саксафаністам Уордэлам Грэем. Соні Кларк далучыўся да бэнду Оскара Пеціфорда і пераехаў у Сан-Францыска, дзе Кларк іграў разам з Бадзі ДэФранка на працягу двух з паловай гадоў, гастралюючы па Еўропе і ЗША. У 1955—1956 гадах іграў у Лос-Анджэлесе, зрабіў свой першы запіс пад сваім лідарствам у клубе Mocambo ў Окландзе. У лютым 1957 года, жадаючы вярнуцца на Усход і наведаць па дарозе сваіх родных, Соні Кларк уладкаваўся на працу да спявачкі Дзіны Вашынгтон. У 1957 годзе ён асеў у Нью-Ёрку, дзе пераключыўся на запатрабаваны ў горадзе стыль хард-боп, стаўшы сэсійным музыкам на прэстыжным лэйблы Blue Note. У якасці бэндлідара запісаў свой першы альбом «Dial S for Sonny». Усяго для Blue Note ён паўдзельнічаў у якасці лідара і сайдмэна ў 29 запісах, сыграўшы з такімі карыфеямі джаза, як Дональд Бёрд, Пол Чэмберс, Грант Грын, Джон Колтрэйн, Дэкстэр Гордан, Кені Бюрэл і іншымі.[4]

Наркатычная залежнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць пацвярджэнні таго, што Соні Кларк пакутаваў ад гераінавай залежнасці. Напрыклад, захаваўся на стужцы яго візіт у лофт на Манхэтэне, дзе Соні Кларк пасля прымання гераіну ледзь не страціў прытомнасць, а затым праз гадзіну вярнуўся да стану смядомасці.[3] Сэсіі на студыі толькі ўзмацнялі залежнасць, бо гуказапісваючыя кампаніі тых часоў імкнуліся падтрымліваць стабільны стан музыкаў, пазычаючы ім грошы, якія наркаманы адпрацоўвалі, робячы дадатковыя запісы.[3] Яго ўсё большая і большая залежнасць перыядычна дасягала кульмінацыі, калі ён падоўгу адсутнічаў. З 1958 па 1961 гады ён меў шасці-, сямі- і трынаццацімесячны перыяды адлучкі. Апякунка джазавых музыкаў баранэса Паноніка Ротшыльд наняла Кларка кіроўцай аўто і дала яму прытулак у сваім доме ў Нью-Джэрсі, каб дапамагчы яму пазбавіцца ад наркатычнай залежнасці.[3]

Апошнія гады жыцця і абставіны смерці

[правіць | правіць зыходнік]

Праз праблемы з наркотыкамі ў апошні перыяд жыцця сацыяльны статус Соні Кларка знізіўся. Згодна з біяграфіяй Тэлоніўса Монка, увосень 1961 года Соні Кларк спрабаваў скрасці кампазіцыю ў Монка «Two Timer», даўшы ёй сваю назву — «Five Will Get You Ten». Так ён мог атрымаць дадатковы ганарар за запіс.[5] У жніўні 1962 года канадскі джазавы часопіс Coda змясціў артыкул пра Нью-Ёрк, у якім рэпарцёр адзначыў, што бачыў выбітнага і арыгінальнага піяніста ў вартым жалю стане, настолькі жахлівым, што «лепш памерці адразу, чым павольна дажываць без надзеі на палёгку». Лічыцца, што гаворка ідзе пра Соні Кларка.[5] У той жа месяц Соні Кларк паўдзельнічаў у запісы двух значных альбомаў у гісторыі джаза — «Go» і «A Swinging Affair» пад лідарствам Дэкстэра Гордана. Гордан потым адзначаў у сваім лісце да Blue Note, што Кларк тады «амаль цалкам зламаўся».[5] Па ўспамінам музыкаў, быў выпадак, калі Соні Кларк зайшоў у джазавы клуб Five Spot, трымаючы ў руцэ панчоху, напханую манетамі. Пазней быў выпадак, калі Соні Кларка без тлумачэнняў не пусцілі ў клуб Jazz Gallery, дзе ён хацеў купіць сабе выпіўку.[3]

Пад канец 1962 года Соні Кларк быў шпіталізаваны пасля сардэчнага прыступу. Пасля выпіскі ў студзені 1963 года ён адыграў дзве ночы — 11 і 12 студзеня — у бары Junior's Bar, пасля чаго ён памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі 13 студзеня 1963 года. Паводле некаторых крыніц, уладальнікі бара пераняслі труп у прыватную кватэру і толькі потым выклікалі паліцыю, каб не мець у будучыні праблемы з ліцэнзіяй на продаж алкаголю.[6] Баранэса Паноніка Ротшыльд арганізавала перамяшчэнне цела нябожчыка ў родны горад і аплаціла пахаванне. Паводле некаторых сведак, прывезенае ў Пітсбург цела не належала Соні Кларку.[5]

Музычная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Рэпутацыя Соні Кларка цярпела не толькі ад наркотыкаў, але ў некаторай ступені і ад таго факту, што стыль яго ігры многім здаваўся падманліва ненапружаным. Згодна з крытыкамі, яго музыка аб'ядноўвала мінорны блюз і моцны свінг. На кампазіцыі і стыль ігры Кларка паўплывалі Бад Паўэл і Хорас Сільвер. Трамбаніст Кёрціс Фулер адзначаў, што Кларк меў такое ж сур'ёзнае стаўленне да музыкі, як і Джон Колтрэйн.[3] Піяніст Біл Эванс ушанаваў памяць Кларка сваёй кампазіцыяй «NYC's No Lark», што з'яўляецца анаграмай імя Соні Кларка. Пазней музыка Кларка прыцягнула ўвагу нью-ёркскіх авангардыстаў на чале з Уэйнам Хоравіцам. Сёння запісы Кларка больш папулярныя ў Японіі, чым у ЗША, нягледзячы на тое, што Кларк ніколі там не выступаў.

Зноскі

  1. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. а б Sonny Clark // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б в г д е Stephenson, Sam (2017). Gene Smith's Sink: A Wide-Angle View. ISBN 978-0374232153.
  4. а б «Sonny Clark. The Quintessential Hard Bop pianist and composer for Blue Note Records». Pittsburgh Music History.
  5. а б в г Stephenson, Sam (January 13, 2011) «Notes from a Biographer: Sonny Clark». The Paris Review.
  6. Rosenthal, David H. (1993). Hard Bop: Jazz and Black Music 1955-1965. ISBN 978-0195085563.