Спавяда́льня, канфесіяналь — месца ў Рымска-Каталіцкіх і некаторых англіканскіх храмах, ў якім здзяйсняецца хрысціянскае таінства споведзь (пакаянне).
У хрысціянскіх абрадах спавядальні з'явіліся ў другой палове 16 стагоддзя. Уяўляюць сабой невялікае памяшканне (кабінку) з невысокімі дзверцамі, у якой змяшчаецца крэсла святара. На бакавых сценках акенцы, закрытыя кратамі. Каля бакавых сценак знаходзяцца невялікія лаўкі-прыступкі для вернікаў.
Спавядальні могуць быць элементамі архітэктурнага дэкору храма або перасоўнымі. Робяцца часцей за ўсё з дрэва, а таксама з мармуру або стуку. У эпоху барока спавядальні часта аздабляліся разьбой — выявамі дабрачыннасцяў, жывёл, увасабляючых асноўныя грахі. Размяшчаюцца ў храмах адвольна, а часцей за ўсё — каля сцяны нефа насупраць амбола.