Станіслаў Лорэнц | |
---|---|
польск.: Stanisław Lorentz | |
Дата нараджэння | 28 красавіка 1899[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 15 сакавіка 1991[1] (91 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Alina Kowalczykowa[d] і Irena Nowak[d] |
Род дзейнасці | палітык, мастацтвазнавец, гісторык, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | мастацтвазнаўства |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Стані́слаў Лорэнц (польск.: Stanisław Lorentz; 28 красавіка 1899, г. Радам, Польшча — 15 сакавіка 1991, Варшава) — польскі мастацтвазнавец. Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1947), ганаровы член многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперт ЮНЕСКА.
С. Лорэнц нарадзіўся ў сям’і выкладчыкаў. Сям’я мела шведскія карані. Бацька быў германістам, маці — географам. У сям’і панаваў культ навукі і ў вызначанай меры лёс будучага навукоўца быў наканаваны яго выхаваннем у бацькоўскай хаце.[6]
З юных гадоў Станіслаў Лорэнц праяўляў цікавасць да гісторыі, мастацтва і архітэктуры. Скончыў гімназію Войцеха Гурскага ў Варшаве, вучыўся на філасофскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. Вывучаў гісторыю мастацтва. У 1924 годзе абараніў доктарскую ступень па творчасці Эфраіма Шрогера . У час і пасля навучэння ён праходзіў практыку ў Германіі, Італіі і Францыі. У прыватнасці, вывучаў архітэктурныя планы Гародні XVIII ст. у Дзяржаўным архіве ў Дрэздэне.[7]
Навучальны працэс быў перапынены прызывам С. Лорэнца ў войска, у сувязі з пачаткам польска-савецкай вайны ў 1919 годзе. Служба праходзіла ў званні падпаручніка рэзерву. Пасля дэмабілізацыі ў 1920 годзе змог вярнуцца да навукі.
Пасля заканчэння аспірантуры ўвосені 1924 года навуковец застаўся працаваць у Варшаўскім універсітэце. У 1927 г. С. Лорэнц стаў чыноўнікам у Міністэрстве веравызнанняў і народнай асветы. У сферу яго адказнасці ўваходзілі міжнародныя навуковыя сувязі і музейная справа.[8]
У 1929—1935 гадах узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Навагрудскім ваяводствах, адначасова выкладаў у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, з’яўляўся загадчыкам аддзела мастацтваў у віленскім ваяводскім кіраванні.
3 1935 года віцэ-дырэктар, з 1936 дырэктар Народнага музея, у 1945—1951 узначальваў Дырэкцыю нацыянальных музеяў і аховы помнікаў у Варшаве.
У 1947 г. атрымаў званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, з 1949 г. член Польскай акадэміі ведаў, з 1952 г. член карэспандэнт, а з 1964 г. сапраўдны член Польскай акадэміі навук. З’яўляўся экспертам ЮНЕСКА па пытаннях аховы помнікаў.
У 1965—1969 уваходзіў у сейм ПНР ад дэмакратычнай партыі. Меў шэраг дзяржаўных узнагарод.
Памёр у Варшаве ў 1991 г. Пахаваны на лютэранскіх могілках.
У работах 1930-х гадоў даследаваў асобныя пытанні развіцця беларускай архітэктуры. Аўтар манаграфіі пра I. К. Глаўбіца «Ян Кшыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII ст.» (1937).
Можна сцвярджаць, што С. Лорэнц пакінуў яркі след у гісторыі Заходняй Беларусі. Ён непасрэдна ўзаемадзейнічаў з ключавымі культурнымі і палітычнымі дзеячамі рэгіёна, як палякамі, так і беларусамі, акцэнтуючы іх увагу на пытаннях аховы помнікаў.
Навуковец сфармуляваў канцэпцыю кансервацыі руін замкаў Навагрудчыны і Віленшчыны, якой пасля прытрымваліся архітэктары аж да верасня 1939 г., і якая не страціла сваёй актуальнасці і да сёння. Навукоўцам былі выяўлены і ўлучаны ў спіс ахаваных аб’ектаў шматлікія рухомыя і нерухомыя помнікі, прааналізаваны матэрыялы па гісторыі мастацтва Вялікага княства Літоўскага, апублікаваны важныя працы па культурнай спадчыне Віленскага і Наваградскага ваяводстваў.
Па сутнасці, С. Лорэнц разам са сваім папярэднікам на пасадзе кансерватара Віленскага і Наваградскага ваяводстваў Ежы Рэмерам, стаіць у вытокаў сістэмы аховы помнікаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дзякуючы дзеянням гэтага навукоўцы і чыноўніка, скіраваным на захаванне культурнай спадчыны ў міжваенны перыяд, а таксама пакінутым ім звесткам, мы валодаем каштоўнымі матэрыяламі, якія асвятляюць дэталі мерапрыемстваў па кансервацыі помнікаў і могуць служыць падказкай пры правядзенні адпаведных прац у нашыя дні.[9]