Старажытнаруская мова | |
---|---|
Саманазва |
рѹсьскъ ѩзыкъ (на познім этапе) |
Краіны | На землях цяперашніх Беларусі, Украіны і еўрапейскай часткі Расіі |
Рэгіёны | Усходняя Еўропа |
Афіцыйны статус | усходнеславянскія дзяржаўныя ўтварэнні (да 14—15 стст.) |
Агульная колькасць носьбітаў |
|
Статус | 6 мёртвая мова[d] |
Вымерла | развілася ў сучасныя блізкароднасныя усходнеславянскія мовы[1] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | кірыліца і глаголіца |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | дрр 188 |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | orv |
LINGUIST List | orv |
IETF | orv |
Glottolog | oldr1238 |
Агульная ўсходнеславянская мова, старажытнаруская мова або праруская мова — мова свецкай пісьменнасці, агульная для ўсіх усходніх славян у 10—14 ст., пасля распаду якой узніклі тры ўсходнеславянскія літаратурныя мовы (стараруская, старабеларуская, стараўкраінская).
Як мовазнаўчы тэрмін, словазлучэнне «старажытнаруская мова» ўжываецца ў двух значэннях: 1) усходнеславянскай протамовы, як сукупнасці сярэдневяковых усходнеславянскіх гаворак, і 2) наддыялектнай пісьмовай мовы, якая ўжывалася на ўсходнеславянскіх землях у сярэдневякоўі (прыблізна да XIV стагоддзя). Яе існаванне і правамернасць выкарыстання тэрміна «старажытнару́ская мова» прызнаецца не ўсімі даследчыкамі.
Так азначаецца, з аднаго боку, гутарковая мова ўсходнеславянскіх плямёнаў перад часам іх шырэйшага рассялення і распаду на асобныя ўсходнеславянскія народы, прыблізна ў 13—14 ст. Сінонім гэтага тэрміну — усходнеславянская протамова.
Мэтазгоднасць увядзення такой навуковай канцэпцыі ставілася пад пытанне з пач. 20 ст., напр., праф. О. Гуерам. Канцэпцыя крытыкавалася за палітычную, «вялікадзяржаўную», а не навуковую матывацыю стварэння беларускімі мовазнаўцамі перыяду беларусізацыі 1920-х гадоў, пазней — Я. Станкевічам.
З другога боку, так азначаецца пісьмовая (літаратурная) мова ўсходніх славян з моманту ўзнікнення (11 ст.) да распаду (14 ст.), часам і да 17 ст. Традыцыйна, у азначэнні як пісьмовай мовы, выразныя праявы адметнасцей вялікарускай, украінскай і беларускай моў прыпісваюцца да 14 ст., і асабліва да 15 ст. Сінонім гэтага азначэння — тэрмін агульнаўсходнеславянская мова, прапанаваны М. І. Талстым[2].
Тэрміны «старажытнаруская мова» і «стараруская мова» былі фактычна аб’яднаныя ў працы расійскіх мовазнаўцаў: «Словарь русского языка 11—17 вв.» пад рэд. акадэміка АН СССР Бархударава.
Як і канцэпцыя протамовы, і на тых жа падставах, канцэпцыя крытыкавалася ў мовазнаўстве БССР 1920-х гадоў і Я. Станкевічам.
Пастулат існавання такой мовы традыцыйны для мовазнаўства, асабліва расійскага і позне-савецкага[3]. Тэрмін «агульная ўсходнеславянская» дзеля пазбягання неадназначнасцей быў прапанаваны М. І. Талстым.[4]
Некаторыя аўтары, асабліва ў расійскай і пазнейшай савецкай навуковых школах, распаўсюджвалі канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы на ўзровень гутарковай мовы, агульнай для ўсіх усходніх славян, якая аформілася каля 8—9 ст.[5] і працягвала існаваць як дастаткова аднародная з’ява найпазней да 13 ст.[6]
Апроч таго, тэрміны «старажытнаруская мова» (руск.: древнерусский язык; як сінонім агульнай усходнеславянскай) і «стараруская мова» (руск.: старорусский язык; як вынік распаду агульнай усходнеславянскай), былі практычна злітыя разам савецкімі і расійскімі навукоўцамі пасля выдання акадэмічнага «Слоўніка рускай мовы 11—17 ст.» (руск.: «Словарь русского языка 11—17 вв.»; пад рэд. С. Г. Бархударава)[4].
Іншыя аўтары[7], падтрымліваючы канцэпцыю агульнай усходнеславянскай мовы ў перыяд да 14 ст., уводзяць канцэпцыю яе распаду ў 14 ст. не на тры, а на дзве літаратурныя мовы, «русінскую» (Ruthenian) і «старарускую» (Old Russian), а гутарковыя мовы на беларускіх і украінскіх землях лічаць некансалідаваным мноствам дыялектаў да канца 18 — 19 ст.
Таксама існуе школа думкі, якая адкідае канцэпцыю існавання гутарковай агульнай усходнеславянскай мовы, і, як вынік, канцэпцыю агульнай літаратурнай мовы[8]. Тут, пры разглядзе канцэпцый прота-моў заходніх, усходніх і паўднёвых славян, сцвярджаецца, што «…няма навуковай патрэбы ва ўвядзенні такой канцэпцыі»[9], а гутарковы варыянт беларускай мовы ў Сярэднявеччы разглядаецца як выведзены беспасярэдна са славянскіх племянных дыялектаў, утвораных пасля распаду протаславянскай мовы. Такія аўтары адзначаюць, што фанетычныя і марфалагічныя адметнасці, агульныя для ўсходнеславянскіх моў, і якіх няма ў іншых славянскіх мовах, занадта малалікія, і нават могуць паходзіць адразу з протаславянскай мовы. Таксама адзначаецца, што сучасная беларуская мова ўтрымлівае шмат протаславянскіх рыс, якіх няма ў рускай і ўкраінскай мовах[10].