Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Ста́ргард (польск.: Stargard, ням.: Stargard in Pommern), раней Старгард Шчацінскі — горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Старгардскага павета Заходнепаморскага ваяводства. Утварае гарадскую гміну, таксама з’яўляецца сядзібай вясковай гміны Старгард.
Старгард стаіць на рацэ Іна. Адлегласць па прамой паміж гарадамі Старгард — Мінск 821 км, да Варшавы — 424 км[3]. Трэці горад ваяводства па колькасці насельніцтва. Разам з гарадамі Шчэцін, Свінауйсце, Галенеў і Грыфіна ўтварае Шчацінскую агламерацыю.
Гэта адзін з найстарэйшых гарадоў у Польшчы — першыя дамы з’явіліся ў VI стагоддзі[4], і адзін з найстарэйшых гарадоў, нароўні са Шчэцінам, на Памор’і. Горад вядомы з 1140 года, у 1243 г. нададзены магдэбургскім правам, у 1363 г. уступіў у Ганзу, пасля чаго быў значна ўмацаваны. Развіццю горада спрыяла выгоднае размяшчэнне на гандлёвых шляхах, якія вялі з Сантака ў Волін і са Шчэціна ў Калабжэг. У XV стагоддзі ў Старгардзе кіравала адна з ліній герцагаў Памеранскіх. Падчас Трыццацігадовай вайны горад быў спалены і перададзены па Вестфальскаму міру 1648 года ў рукі шведаў. У 1701 г. аддзелены ад Шведскай Памераніі і стаў уладаннем прускіх Гогенцолернаў.
Рашэннем Патсдамскай канферэнцыі (1945) разбураны на тры чвэрці бамбардзіроўкамі горад уключаны ў склад Польшчы. Нямецкае насельніцтва было пасля гэтага гвалтоўна дэпартавана. Адноўлены пасля разбурэнняў Другой сусветнай войны, вядомы шматлікімі архітэктурнымі помнікамі ў гатычным стылі. Месца нямецкага насельніцтва занялі выхадцы з Усходніх Крэсаў.
Стары горад акружаны сярэднявечнымі сценамі з вежамі і трыма варотамі; на рыначнай плошчы познагатычная ратуша, каменныя дамы ў стылі барока. Самы каштоўны помнік — кафедральны сабор Найсвяцейшай Дзевы Марыі Царыцы Нябеснай (XIII ст.), пазней перабудаваны ў стылі ганзейскага гарадскога сабора — базілікальны храм з дзвюма вежамі без хораў.