Стаўра́струм (Staurastrum) — род аднаклетачных харавых водарасцей[1] сямейства Desmidiaceae.
Клеткі адзіночныя, рознай формы, шматвугольна-акругленых контураў, перацягнутыя пасярэдзіне, з шырока адкрытым, з вострай верхавінкай сінусам (зрэдку бывае выемчаты, з акругленай верхавінкай). Паўклеткі часцей адваротнатрапецападобныя, трохвугольныя, кліна- або чашападобныя, радзей эліпсоідныя, верацёнападобныя, паўкруглыя або прамавугольныя з выцягнутымі пустымі, мяккімі адросткамі. Абалонка гладкая, грануляваная або шыпаватая. Хларапласты восевыя, па 1 у паўклетцы, з цэнтральным пірэноідам, зрэдку пасценныя. Размнажэнне пераважна вегетатыўнае (папярочным дзяленнем клеткі ў вобласці перашыйка) і полавае — кан'югацыяй.
Вядома больш за 600 відаў. Пашыраны паўсюдна ў прэсных водах, аддаюць перавагу балотным. На Беларусі больш за 40 відаў. Трапляюцца сярод планктону і абрастанняў вышэйшых раслін у сажалках, азёрах, рэках. Найбольш пашыраны стаўраструм чатырохрогі (Staurastrum quadricornutum), стаўраструм дзіўны (Staurastrum paradoxum), стаўраструм тонкі (Staurastrum gracile) і інш.
Зноскі