Ствол — галоўнае шматгадовае адраўнелае сцябло дрэва. Захоўваецца на працягу ўсяго жыцця. Служыць у якасці апоры для кроны, выносячы лісце да святла, ажыццяўляе транспарт раствораў, запасае ваду (асабліва ў сукулентаў) і пажыўныя рэчывы. У сапраўдных дрэваў штогод нарастае ў таўшчыню за кошт дзялення камбію, у дрэвападобных раслін не мае другаснага патаўшчэння (пальмы) або патаўшчаецца за кошт адмысловай мерыстэмы (драцэна). Рост ствала ў вышыню адбываецца за кошт верхавінкавай мерыстэмы (монападыяльна; напрыклад у елкі) або за кошт мерыстэмаў бакавых восяў, якія паслядоўна змяняюць адна адну (сімпадыяльна; напрыклад у дуба).
Звычайна захоўвае больш-менш вертыкальны напрамак росту, але ў некаторых раслін палягае (сланцы) або ўецца (ліянападобныя дрэвы). У геміэпіфітных дрэваў несапраўдны ствол утвараецца з пераплеценых паветраных каранёў, якія спускаюцца да зямлі. Большасць прамастаячых дрэваў маюць ствол конусападобнай формы (дыяметр змяншаецца з вышынёй), аднак для некаторых раслін характэрны ўздуты (з-за моцнага развіцця водазапасальных тканак) бочкападобны або бутэлькападобны ствол.
{{commonscat}