Страматапараідэі | ||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||
Stromatoporoidea | ||||||
|
Страматапараідэ́і[1] (Stromatoporoidea) — група выкапнёвых каланіяльных марскіх беспазваночных. Сістэматычнае становішча дакладна не вызначана. Умоўна адносяць да губак (Porifera); раней іх прылічалі да кішачнаполасцевых (Coelenterata)[2][3]. Налічваецца некалькі сямействаў і каля 70 (больш за 70[2]) родаў[1].
Вядомыя з ардовіка. Зніклі ў карбоне, зноў з’явіліся ў трыясе[2]. У мелавым перыядзе набылі новы росквіт і канчаткова вымерлі ў яго канцы[2]. Жылі ў цёплай мелкаводнай зоне мораў. Памеры складалі ад некалькіх міліметраў да двух і больш метраў у папярочніку. Мелі вапнавы шкілет рознай формы, які складаўся з гарызантальных пласцінак, злучаных вертыкальнымі слупкамі. На паверхні — сістэма каналаў (астрарыз), якая складалася з аднаго вертыкальнага і адыходзячых ад яго на розных узроўнях гарызантальных галінастых каналаў. У сілуры і дэвоне з’яўляліся асноўнымі ўтваральнікамі каралавых рыфаў. Маюць значэнне для стратыграфіі сілурыйскіх і дэвонскіх адкладаў.
На тэрыторыі Беларусі рэшткі выяўлены ў адкладах сілуру і дэвону[1].