Стрэ́мя[1] — частка сядла, прыстасаванне для ўпору, падтрымкі ног і раўнавагі вершніка пры верхавой яздзе.
Складаецца стрэмя з падножкі, дугі, пятлі або прарэзы для для путлішча, якім мацуецца да сядла. Звычайна мацуюць 2 парных, радзей — 1 або 2 няпарных[2].
У вучоных не існуе адзінага меркавання ні пра час, ні пра месца з’яўлення стрэмя. Адны даследчыкі лічаць, што страмёны з’явіліся ў пачатку нашай эры ў сарматаў, іншыя называюць раёны, памежныя з Кітаем у эпоху позніх Хань, трэція — поўдзень Сібіры (не пазней III стагоддзя або да V стагоддзя), чацвёртыя аддаюць прыярытэт у гэтым пытанні дзяржаве Кагуро (не пазней IV стагоддзя)[3]. Існуюць і іншыя меркаванні.
Папярэднікам стрэмя лічыцца мацаваная да сядла скураная ці вяровачная пятля. Стрэмя з дрэва, у тым ліку акаваныя металам, з’явіліся ў Кітаі не пазней пачатку IV стагоддзя[2]. Там жа страмёны пачалі адліваць з металу. З 2-й паловы VI стагоддзя стрэмя з’явілася ў Еўропе[2]. У славянскіх народаў найбольш раннімі лічацца жалезныя страмёны IX стагоддзя[1]. Сярэдневяковыя страмёны адрозніваліся формай дужак і падножак, памерамі і формай адтуліны пад путлішча. У познім Сярэдневякоўі з’явіліся рыцарскія страмёны з вельмі шырокай падножкай або з закрытым наском, якія паўтаралі форму абутку. Металічныя, драўляныя, касцяныя страмёны часам для бяспекі каня пакрываюцца мяккімі матэрыяламі (скура, гума, сінтэтыка)[2]. Страмёны звычайна ўпрыгожваліся інкрустацыяй з каштоўных металаў, мастацкім ліццём, разьбой, цісненнем.
На тэрыторыі Беларусі страмёны ранняга сярэдневякоўя знойдзены Браславе, Брэсце, Навагрудку, на гарадзішчы Маскавічы[1]. Больш познія знаходкі — у Віцебску, Дрысвятах, Крычаве, Мсціславе і іншых месцах[1].