Студэнцкі рух

Студэнцкі рух — дзейнасць студэнтаў, якая ставіць сваёй мэтай палітычныя, экалагічныя, эканамічныя ці сацыяльныя рэформы. Адным з важных складнікаў руху з’яўляецца патрабаванне студэнтаў удзельнічаць у складанні навучальных планаў ці павелічэнне фінансавання адукацыі. У палітычных падзеях студэнцкі рух можа адыграць вялікую ролю (студэнцкая рэвалюцыя). Першыя студэнцкія рухі ўзніклі ў Еўропе; іх можна падзяліць на дзве вялікія групы: 1) якія імкнуцца да паляпшэння ўмоў жыцця студэнцтва ў цэлым, тлумачачы гэта тым, што студэнты з’яўляюцца будучым інтэлектуальным пакаленнем грамадства, у якім яны растуць, і 2) якія ўзнікаюць як ідэалістычнае імкненне да справядлівасці ў адказ на несправядлівыя сацыяльныя ўмовы. Студэнцкі рух можа ўзнікаць як рэакцыя на нейкія пэўныя дзеянні ўрада, а можа прымаць форму інтэлектуальна і сацыяльна матываванай пазапарламенцкай апазіцыі сістэме, якая існуе.

Еўрапейскія студэнцкія рухі адлюстроўваюць складовыя фактары стабільнасці грамадства (Льюіс С. Фоер, «Даследаванне істэблішменту ў капіталістычных і сацыялістычных краінах»). З пункту гледжання «істэблішменту», студэнцкія рухі заўсёды нетыповыя і нечаканы, кожны з іх узнікае і развіваецца па-свойму, што значна ўскладняе пошук эфектыўнай і даступнай формы для іх нейтралізацыі.

Формамі пратэсту студэнтаў з’яўляюцца дэманстрацыі, блакады, сімвалічныя акцыі, страйкі, распаўсюджванне ўлётак і выступленні, перформансы і інфармацыйная вайна. Пратэст таксама можа прымаць гвалтоўныя формы ў дачыненні да рэчаў і людзей, а таксама налёты на выкладчыкаў; у гэтым выпадку гавораць пра «студэнцкія беспарадкі» ці «бунты».

Рэакцыя ўрада на студэнцкі актывізм можа быць самай рознай: ад поўнага прыняцця патрабаванняў студэнтаў, уключаючы стварэнне адпаведных міністэрстваў і службаў, рэфармаванне сістэмы ўдзелу дзяржавы ў прамысловасці і эканоміцы, да растрэлу мірных дэманстрацый.

Студэнцкія рухі, паспяховыя і няўдалыя, фарміруюць грамадскую думку і даволі доўгі час уздзейнічаюць на яе.

Зноскі