Сукцэсія | |
---|---|
![]() | |
Вывучаецца ў | экалогія |
![]() |
Сукцэ́сія[1] (ад лац.: succesio — пераемнасць, наследаванне) — паслядоўная змена (самаразвіццё[2]) біяцэнозаў, фітацэнозаў на пэўным участку тэрыторыі (ландшафта).
Тэрмін «сукцэсія» і звязаныя з ім асноўныя паняцці ўведзены галоўным чынам амерыканскім даследчыкамі Г. Каўлсам, Ф. Клеменсам (1916[1][3]), Р. Уітэкерам у пачатку — сярэдзіне XX стагоддзя[4]. Упершыню гэты тэрмін выкарыстаў у 1806 годзе французскі батанік Дэ Люк для апісання змен расліннасці[3]. У развіццё тэорыі зрабілі ўнёсак У. М. Сукачоў і С. М. Разумоўскі.
Сукцэсія з’яўляецца формай дынамікі фітацэнозаў і характарызуецца змяненнем фларыстычнага складу, скіраванасцю і незваротнасцю.[4] Адбываеецца ўдасканаленне стратэгіі відаў, структуры папуляцый і трафічных ланцугоў і вядзе да адносна ўстойлівага стану (клімаксу). Асноўны механізм сукцэсіі — аднаўленне экалагічнай раўнавагі паміж біятычнымі супольнасцямі і фактарамі знешняга асяроддзя. Часам да сукцэсіі адносяць толькі прагрэсіўныя змены, а змены пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў (прыводзяць да паступовага спрашчэння структуры супольнасці, збяднення яе складу, памяншэння прадуктыўнасці[2]) называюць дыгрэсіям, а аднаўленне супольнасці пасля ўздзеяння катастрафічных фактараў (пажары, інтэнсіўны выпас жывёлы і інш.) — дэмутацыямі[3]. Змены аднаго фітацэнозу (біяцэнозу, біягеацэнозу) іншымі ў ходзе сукцэсіі ўтвараюць сукцэсійны рад або серыю.
Адрозніваюць першасныя і другасныя сукцэсіі.
Першасныя сукцэсіі пачынаюцца на субстратах, пазбаўленых жыцця, не закранутых працэсамі глебаўтварэння: пясчаныя дзюны, горныя пароды, вулканічная лава, маладыя алювіяльныя адклады, вадаёмы і інш. У працэсе першаснай сукцэсіі адбываецца на толькі фарміраванне фітацэнозаў, але і глебы[5]. Пры засяленні такіх участкаў жывыя арганізмы незваротна мяняюць месцапражыванне і змяняюць адзін аднаго, адбываецца назапашванне адмерлых раслінных рэшткаў або прадуктаў раскладання, паступова фарміруецца глебавы профіль, змяняецца гідралагічны рэжым ўчастка, яго мікраклімат[2].
Другасныя сукцэсіі адбываюцца на месцы існуючых, сфарміраваўшыхся біяцэнозаў пасля іх парушэння ў выніку эрозіі, вулканічных вывяржэнняў, засухі, паводкі, наваднення, пажару, высечкі лесу і да т.п. Змены, якія вядуць да аднаўлення ранейшага складу біяцэнозу, атрымалі ў геабатаніцы назву дэмутацыйных[2].
Прыватнымі варыянтамі сукцэсіі з’яўляюцца змены, якія па працягласці дакладна супадаюць з якім-небудзь сезонам, а на наступны год пачынаюцца спачатку (напрыклад, у планктоне паўночных мораў вясной масавае размнажэнне водарасцей змяняецца хваляй размнажэння рачкоў-калянусаў, затым у вялікай колькасці з’яўляюцца грабеньчыкі, а пасля іх — некаторыя віды рыб)[2].
Таксама вылучаюць прыродна абумоўленыя сукцэсіі (эндагення і экзагення) і антрапагеннныя. Эндагенныя сукцэсіі адбываюцца ў выніку ўнутраных працэсаў развіцця біяцэнозаў (напрыклад, зарастанне вадаёмаў). Экзагенныя сукцэсіі выкліканы ўздзеяннем знешніх фактараў (напрыклад, эрозіяй глебы, кліматычнымі ўздзеяннямі). Антрапагенныя сукцэсіі развіваюцца пад уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці чалавека (высечка лесу, выпас жывёл, разворванне зямель і інш.).