Сурырэ́ла (Surirella) — род аднаклетачных дыятомавых водарасцей сямейства сурырэлавых.
Панцыр сіметрычны, радзей асіметрычны, бывае спіральна сагнуты ўздоўж падоўжанай восі, з паяска лінейны, трапеца- або клінападобны. Створкі лінейныя, авальныя, яйцападобныя, зрэдку гітарападобныя, з крылападобным расшырэннем па краі, у якім знаходзіцца шво. Рэбры папярочныя, на крылах пранізаныя каналамі, па сярэдняй лініі створкі перарваныя восевай складкай. Хларапласты два, лопасцевыя, прылягаюць да створак і злучаны пасярэдзіне «мосцікам».
Вядома звыш 200 прэснаводных, саланаватаводных і марскіх відаў. Трапляюцца на дне і ў прыбярэжнай зоне вадаёмаў, часта выкапнёвыя. На Беларусі адзначаны сурырэла двухрадная (Surirella biseriata), сурырэла магутная (Surirella robusta), сурырэла зграбная (Surirella gracilis), сурырэла двайная (Surirella didyma), сурырэла лінейная (Surirella linearis) і інш.
Размнажэнне пераважна вегетатыўнае — падоўжаным дзяленнем клеткі.