Сцяг крумкача (стар.-ісл. hrafnsmerki) — трохвугольны сцяг з выявай чорнага крумкача, пад якім плавалі ваенныя караблі вікінгаў. Яго падымалі падчас набегаў, каб усяліць жах у праціўніка. Аналагічную функцыю пазней выконваў пірацкі сцяг з чэрапам і касцьмі.
Крумкачы Хугін і Мунін у старажытнагерманскай міфалогіі лічыліся прысвечанымі Одзіну. Крумкач разглядаўся як адзін са «звяроў вайны», як носьбіт смерці (птушка, якая дзюбае трупы). Значэнне сцяга, такім чынам, было шмат у чым татэмным.
Пад сцягам з выявай крумкача ваяваў у бітве пры Стамфард-Брыджы нарвежскі кароль Харальд Суровы. Пад такім жа сцягам ішлі ў бой воіны Кнуда Вялікага. Калі сцяг не вісеў, а трапятаў на ветры, гэта, як лічылася, прадвяшчала перамогу.