Сэ́лфі (англ.: selfie; ад англ.: self — сам, сябе) — від фатаграфіі, аўтапартрэт, зроблены з дапамогай камеры смартфона, фотаапарата ці вэб-камеры. Можа быць зроблены фатаграфаваннем уласнага выгляду ці яго адлюстравання ў люстэрку. Часта карыстальнікі адразу загружаюць сэлфі на ўласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Упершыню паняцце «сэлфі» з'явілася на аўстралійскіх інтэрнэт-форумах у 2002 годзе і атрымала шырокую вядомасць напачатку 2010-х гадоў праз распаўсюджванне мабільных прылад з фотакамерамі і развіццём мабільных дадаткаў, такіх як Instagram.
Фатаграфічныя аўтапартрэты з'явіліся пасля выхаду на рынак у 1900 годзе партатыўнай фотакамеры Kodak Brownie фірмы Kodak, але не сталі шырока распаўсюджаны. Тады, звычайна, фатаграфавалі ўласнае адлюстраванне ў люстэрку, нерухомасць камеры забяспечвалі штатывам. Вялікая княжна Анастасія Мікалаеўна ў 13-гадовым узросце была адным з першых падлеткаў, які зрабіў уласную фатаграфію з люстэрка, каб адправіць камусьці ў 1914 годзе. У лісце, які суправаджаў фатаграфію, яна пісала: «Я зрабіла гэтую карціну гледзячы ў люстэрка. Гэта было вельмі складана, бо мае рукі дрыжалі».
Самае ранняе выкарыстанне слова selfie зафіксавана ў Аўстраліі, на інтэрнэт-форуме ABC Online 13 верасня 2002 года.