Сімфілы

Сімфілы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Symphyla Ryder, 1880

Сямействы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  154408
NCBI  61986
EOL  6560
FW  294419

Сімфі́лы (Symphyla) — клас вельмі маленькіх членістаногіх, даўжынёй да 8 мм, з надкласа мнаганожак.

Сімфілы маюць белае ці жаўтаватае цела. На галаве пара шматчленікавых ружанцападобных вусікаў і тры пары ротавых органаў. Вачэй няма. Тулава мае 12 пар ног. Спінных шчыткоў 14-15, прычым пярэдні самы маленькі. У асноў ног 3-12-й пар маюцца перапончатыя мяшэчкі, праз сценкі якіх адбываецца ўсмоктванне вады. На апошнім членіку цела знаходзіцца пара адросткаў-цэрак, на якіх адкрываюцца адтуліны прадзільных павуціных залозак.

Трахейная дыхальная сістэма адкрываецца 1 парай дыхальцаў на галаве. Палавая адтуліна адкрываецца на 3-м членіку тулава, на ніжнім яго баку.

Сімфілы развіваюцца і жывуць у глебе, подсцілцы, пад камянямі і інш.

Распаўсюджаны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды; сустракаюцца паўсюдна. На Беларусі найбольш адзначана ў парніках і цяпліцах скалапендрэла няплямістая (Scutigerella immaculata)), якая пашкоджвае маладыя ўсходы раслін.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Сілкуюцца гнілымі расліннымі рэшткамі, зрэдку жывымі расліннымі тканкамі. Хутка бегаюць па розных трэшчынах і хадах. Вельмі адчувальныя да высыхання, пазбягаюць святла.

Яйцы, лічынкі і дарослая асобіна Scutigerella immaculata

Раздзельнаполыя. Спосаб апладнення сімфіл вельмі своеасаблівы: самец адкладае на сценкі хадоў у глебе сперматафоры; самка падбірае іх ротавымі органамі (пры гэтым сперма пранікае ў спецыяльныя поласці ў сківіцах), затым захоплівае сківіцамі яйцо, якое выходзіць у яе з адтуліны на 3 сегменце тулава (тым часам яйцо апладняецца спермай), і прымацоўвае яго да субстрата. З яец цераз 10 дзён выходзяць лічынкі з няпоўным лікам тулававых сегментаў (6—7). Развіццё лічынкі (з кожнай лінькай дадаецца па пары ног) працягваецца каля 2 месяцаў.

Жывуць смфілы да 6 гадоў. У дарослым стане здольныя аднаўляць страчаныя членікі вусікаў.

Да класа адносяцца два сямействы, больш ста відаў.