Сініца-апалоўнік, сінюха доўгахвостая[1] (Aegithalos caudatus) — невялікая птушка з сямейства даўгахвостых сініц.
Даўжыня цела складае каля 14-15 сантыметраў. Важыць птушка ад 7 да 10 грамаў. Хвост сама меней такі ж доўгі, як і астатняе цела, з белымі крайнімі рулявымі. Вялікая зменлівасць афарбоўкі. У апярэнні спалучаюцца белы, чорны, буры, шэры, ружовы і рыжы колеры. Верх галавы белы (у паўночна- і ўсходнееўрапейскага падвіду галава цалкам белая). Вузкае кольца голай скуры паабапал вока аранжавае ці чырвонае. Дзюба кароткая, патоўшчаная, некалькі сціснутая з бакоў. Крылы кароткія, закругленыя.
Палавы дымарфізм не выражаны. Маладыя без іржавага колеру, на шчоках цёмная шырокая паласа.
Адрозніваюць каля 20 падвідаў.
Арэал: Еўропа, Малая Азія, Цэнтральная і Усходняя Азія (праз Паўднёвую Сібір да Камчаткі і Японіі), Блізкі Усход, месцамі сустракаецца на паўднёвым захадзе Кітая і захадзе Ірана. Аселы від, усходнія папуляцыі часам інвазійна качуюць.
Насяляе ўскрайкі не вельмі густых лясоў рознага тыпу, пераважна падмоклыя, з добра развітым падростам. На захадзе і поўдні Еўропы таксама кусцікавыя мясціны, калючыя зараснікі, ядловец, макія, паркі, сады. У Альпах даходзіць да 1800 м.
Кормяцца галоўным чынам членістаногімі, у пошуках якіх абследуюць самыя тонкія галінкі кроны дрэў; у халодную пару года паядаюць таксама насенне і дробныя плады.
Манагамы, сямейныя чародкі захоўваюцца да наступнай вясны, качуюць у межах тэрыторыі, якую ахоўваюць.
Вышыня і месца размяшчэння гняда вельмі разнастайныя (ад некалькі сантыметраў — у кустах ядлоўца або густой ажыны, да некалькіх метраў у развілцы бакавых галін елкі або тоўстых галін бярозы). Гняздо закрытае, падоўжанай формы з адтулінай угары крыху збоку (часам 2 уваходы), з зялёнага моху з дамешкам раслінных валокнаў і валасоў. Знешняя частка, якая дасканала маскіруе гняздо, з лішайнікаў, павуціння і коканаў насякомых. Высцілка багатая, з дробных пёраў. Дыяметр гнязда 8,5—12 см.
Яйкі (8-12, часам 5-16), авальныя, часцей з крыху завостраным вузейшым канцом, белыя з дробнымі, светла-чырвонымі крапінкамі (могуць быць крапінкі ў форме крыху бачнага венчыка); часам зусім белыя. Памеры: 14 × 11 мм.
Самка наседжвае каля 15 сутак. Птушанят у гняздзе па́ра бацькоў корміць 14-18 сутак, часта ім дапамагаюць асобіны, якія не размнажаліся.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.