Сірыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека[1] (Сірыйская абсерваторыя па правах чалавека, Сірыйскі назіральны пункт за правамі чалавека, англ.: Syrian Observatory for Human Rights, SOHR) — інфармацыйны праект, які ініцыяваў і вядзе Асама Алі Сулейман (псеўданім Рамі Абдул-Рахман), грамадзянін Сірыі, які з 2000 года пражывае ў Ковентры (Вялікабрытанія) і атрымлівае дапамогу на палітычную дзейнасць ад некаторых краін і арганізацый.
У цэнтра ёсць толькі адзін работнік — сам Асама Алі Сулейман[2], які сцвярджае аб наяўнасці сеткі з больш чым 200 актывістаў на тэрыторыі Сірыі. Матэрыялы SOHR, асабліва ўлік колькасці ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва Сірыі ў ходзе пачатай у 2011 годзе грамадзянскай вайны, актыўна выкарыстоўваюцца ў заходніх СМІ. Пры гэтым Міністэрства замежных спраў Расіі лічыць звесткі «цэнтра» сумнеўнымі, бо яны рэгулярна абвяргаюцца[3].
Пра арганізатара «Сірыйскага назіральнага пункта за правамі чалавека» вядома няшмат і ў асноўным з яго ўласных слоў. Асама Сулейман нарадзіўся ў 1970 ці 1971 годзе[4] ў Сірыі. Дзяцінства прайшло ў горадзе Баніяс. З юнацтва далучыўся да тайнай апазіцыі рэжыму Асада, абураны прэферэнцыямі для алавітаў. Тады ж абраў сабе псеўданім Рамі Абдул-Рахман, які выкарыстоўваў і пазней. Дэталі жыцця ў Сірыі ім не раскрываюцца з-за боязі за жыццё пакінутых там сваякоў, таму дакладна невядома, ці з’яўляецца Асама Сулейман яго сапраўднымі імем і прозвішчам ці яшчэ адным псеўданімам. У Сірыі валодаў невялікай крамай адзення. У 2000 годзе некалькі актывістаў былі арыштаваныя, Асама Сулейман здолеў уцячы з Сірыі і атрымаць палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. Пражывае ў Кавентры з жонкай Этаб Ракамеа і дачкой Аман (у 2013 годзе ёй было 6 гадоў), валодае дзвюма крамамі адзення. Атрымлівае дапамогу на палітычную дзейнасць ад некаторых краін і арганізацый: памер і дэталі ім не раскрываюцца[5].
Праект «Сірыйскі назіральны пункт за правамі чалавека» пачаты ім у маі 2006 года[6] з апорай на знаёмых актывістаў, якія засталіся ў Сірыі. Першапачаткова быў сродкам, каб адсочваць і даносіць да ведама заходніх чытачоў парушэнні правоў чалавека ўладамі Сірыі. З пачаткам грамадзянскай вайны ў 2011 годзе стаў адным з асноўных рэсурсаў заходніх СМІ і палітычных колаў аб лічбах ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва. Як кажа аб самім сабе: «Я просты грамадзянін з простай сям’і, якому ўдалося зрабіць нешта велізарнае простымі сродкамі»[5].
Інфармацыя «Цэнтра» выкарыстоўваюцца для складання дакладаў ААН і рознымі праваабарончымі арганізацыямі, такімі як Amnesty International[5]. Дзяржаўны дэпартамент ЗША таксама выкарыстоўвае падлікі «Сірыйскага цэнтра маніторынгу» ў сваіх дакладах[7].
Пры высокай цытуемасці праекта ў СМІ і выкарыстанні яго падлікаў ахвяр для абгрунтаванні палітычных рашэнняў, тэлеканал Russia Today выказваў сумнеў у надзейнасці і непрадузятасці такой крыніцы, якая прадстаўлена адным чалавекам без спецыяльнай адукацыі і вопыту, які спасылаецца на сетку актывістаў у Сірыі[8][9]. Прадстаўнікі МЗС Расіі таксама заяўлялі, што не давяраюць інфармацыі, якая паступае ад «Цэнтра»[10] і патрабавалі крытычна ставіцца да даных «Цэнтра», паколькі «прадастаўленыя гэтай арганізацыяй звесткі рэгулярна знаходзяць абвяржэнне»[3].
Аўтар нямецкага выдання Süddeutsche Zeitung Ёнас Шайбле мяркуе, што дакладнасць інфармацыі «Цэнтра» сумніўная[11].
Ліванская газета «Аль-Акбар» у 2012 годзе пісала пра канфлікт Асамы Сулеймана з Мусабам Азаві, яго былым памочнікам, таксама пражываючым у Вялікабрытаніі. Некаторы час абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ва ўзурпацыі правы на імя праекта і сцвярджалі, што менавіта на іх дамене знаходзіцца сапраўдны сайт SOHR[12].