Танка (паэзія)

Танка — монастрафічны пяцірадковы нерыфмаваны верш японскай паэзіі. Мае 31 склад: у 1-м і 3-м вершарадках па 5 складоў, у астатніх — па 7. Традыцыйная тэматыка — каханне, расставанне, падарожжы, поры года. Танка багаты тропамі, гульнёй слоў. Найбольш раннія танка напісаны ў 8 стагоддзі, росквіт прыпадае на 10-13 стагоддзі і звязаны з дзейнасцю прыдворнага Ведамства японскай паэзіі, правядзеннем паэтычных спаборніцтваў і складаннем афіцыйных анталогій. Буйнейшыя прадстаўнікі — Сайгё, Такубоку Ісікава.

Танка ў беларускай літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

У беларускай паэзіі першыя танка з'явіліся ў паэзіі Максіма Багдановіча. Танка запатрабавана і ў сучасным беларускім літаратурным працэсе. Прыклады таму можна знайсці ў творчасці Ніла Гілевіча (у кнізе «На флейце самоты» (2004 г.)), Уладзіміра Сіўчыкава, Уладзіміра Лебедзева, Эдуарда Дубянецкага, Арцёма Арашонка, Таццяны Пратасевіч, Алёны Беланожка і іншых. У сваёй кнізе «На флейце самоты» (2004 г.) у жартаўнічай форме Ніл Гілевіч падаў азначэнне танка:

Трыццаць адзін склад
Уціснуць у пяць радкоў
Строга па схеме:
Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё!
Вось вам, сябры, і «танка».
Ніл Гілевіч

Палову дадзенай кнігі паэт прысвяціў у японскіх формах памяці сваёй жонцы Ніне. Дадзеныя вершы можна лічыць сінтэтычным жанрам — танкамі-эпітафіямі[1], бо ў іх аўтар выказвае смутак з прычыны страты найблізкага чалавека: «Помню, сказала: / "Ой, як ты будзеш плакаць, / Калі я памру..." / Не, не ўяўляла яна / Плачу майго землятрус».

Але традыцыйна ў японскіх танка пераважае пейзажная тэматыка. Гэтай жа традыцыі прытрымліваюцца і беларускія аўтары, што можна пабачыць у творах Уладзіміра Сіўчыкава, Таццяны Будовіч-Барадулі, Алёны Беланожкі[2].

Назіраецца ў беларускіх аўтараў і эвалюцыя жанру, яго жанрава тэматычнае пашарэнне[2]. Так танка «Буйныя зоркі» Арцёма Арашонка спалучае ў сабе прыкметы пейзажнай і філасофскай лірыкі. У танку «Верасовая ноч» Арашонак спалучае пейзажную і інтымную лірыку: «Верасовая ноч. / Каханне на сузор'ях / пакінулі мы. / Аблокамі на раннім небе / вяртаюцца нашы пачуцці». Падобнае ж спалучэнне выкарыстоўвае у танка Таццяна Будовіч-Барадуля: «...Пабачыць ізноў / Восеньскі смутак сонца, / Блікі на моры... / Колеру хрызаліту / Вочы твае насупраць... ». І цалкам інтымнае наступнае танка гэтага ж аўтара: «Песню пяшчоты / Рукі твае спявалі / На целе маім... / Гэта быў сон і ранак / Расчараванне прынёс...». Пейзажна-філасофскія і чыста філасофскія некаторыя з танка і ў творах Уладзіміра Лебедзева («Чакаецца дождж», «Вецер халодны»). Мастацкая філасофія назіраецца ў танка Таццяны Пратасевіч «Пачатак, Вечнасць»[3].

З матыватарскай дамінантай вытрыманы танка «Хай я маленькі» і «Пачвара ў шыю» Сержа Мінскевіча з яго кнігі «Праз галерэю», якія гучаць як парада[3].

Абнаўляецца танка ў сучаснай беларускай літаратуры і шляхам міжжанравага сінтэзу. Так, паэт Алег Грушэцкі стварыў танка-акраверш-прысвячэнне:

«Карыя вочы!
Ад іх не адарвацца.
Цешаць і грэюць.
Як жа шчаслівы штодня
Гэтак вось любавацца».
Алег Грушэцкі

Калі ўзяць першы вертыкальны радок, то можна заўважыць, што ў гэтым танка-акравершы-прысвячэнні зашыфравана імя і першая літара прозвішча жонкі паэта — Каця Г.. Таксама ёй аўтар прысвяціў і мілосную танку: «Пялёстак ружы / На вадзе гайдае ветр. / Плынь яго нясе. / Самотна мне. Гляджу я, / Прад вачыма толькі ты»[4].

Такім чынам, у танку сучасных беларускіх аўтараў захоўваецца кананічная колькасць складоў у радках і бязрыфменнасць. Як і японцы, беларусы схільныя да сузіральнасці і захапленнем навакольным асяроддзем. А вобразы ў вершах дадзенага жанру апісваюцца як традыцыйна японскія (журавель, хрызантэма, горы, сакура), гэтак і больш адпаведныя беларускім краявідам (вішня, чаромха, слімак). Апроч таго, творы эвалюцыянуюць шляхам пашырэння жанрава-тэматычнага абсягу – ужываюцца не толькі пейзажныя, але і філасофскія і інтымныя танку. Адбываецца і абнаўленне паэтычных форм шляхам іх гібрыдызацыі альбо міжжанравага сінтэзу (танка-акраверш-прысвячэнне А. Грушэцкага, танка-паліндром С. Мінскевіча, танка-эпітафія Н. Гілевіча). На думку навуковай супрацоўніцы «Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» літаратуразнаўцы і крытыка Таццяны Барысюк, праз засваенне сучаснай беларускай паэзіяй усходніх (японскіх) форм адбываецца яе вобразна-жанравае і нацыяментальнае ўзбагачэнне[4].

Зноскі

  • Та́нка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 424. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Барысюк, Т.П. Хоку і танка ў сучаснай беларускай паэзіі // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства: зборнік навуковых артыкулаў (да 90-годдзя Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы) / Нац. акад. навук Беларусі [і інш.] / уклад. Н. В. Якавенка; навук. рэд. І. В. Саверчанка. — Мн.: Інстытут літаратуразнаўства НАН Беларусі, ВД «Беларуская навука», 2022. — С. 269—278. — 507 с. — ISBN 978-985-08-2897-2.
  • Горегляд В. Н. Та́нка // Литературный энциклопедический словарь (руск.) / [Подгот. Е. И. Бонч-Бруевич и др.]; Под общ. ред. В. М. Кожевникова, П. А. Николаева. — М.: Советская энциклопедия, 1987. — С. 434. — 750 с. — 100 000 экз.
  • Та́нка // Ли­те­ра­тур­ная эн­цик­ло­пе­дия тер­ми­нов и по­ня­тий / ред­кол. : А. Н. Ни­ко­лю­кин (гл. ред.) [и др.] ; РАН, Ин-т на­уч. ин­форм. по об­ществ. на­у­кам. — М.: Ин­тел­вак, 2001. — Стб. 1059. — 1596 стб. — Имен. указ.: стб. 1277—1483. — Предм. указ.: стб. 1484—1595. — ISBN 5-93264-026-Х. (руск.)