Тапа | |
---|---|
Паходзіць з | Палінезія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тапа (таіц. tapa) — тканіна з расліннага лубянога валакна, шырока распаўсюджаная ў краінах Акіяніі, Інданезіі, сустракаецца ў Паўднёвай Амерыцы.
Тапа вядома са старажытнасці. На Зондскіх астравах яе звычайна вырабляюць з кары тутавага дрэва, у Акіяніі — з мясцовай разнавіднасці фікуса. Ніжэйшы паперападобны пласт драўнянай кары здымаецца палоскамі, якія потым сушацца і адбіваюцца для надання эластычнасці. У далейшым палоскі склейваюцца адбіваннем, часам пераплятаюцца і зноў адбіваюцца. Пасля тапа прыгодная для далейшай апрацоўкі — афарбоўкі, ціснення, трафарэту і г. д. Да нашых дзён працэс вытворчасці тапы выконваецца ўручную і з’яўляецца надзвычай працаёмкім.
Тканіну з тапы звычайна выкарыстоўвалі для пашыву вопраткі. Гэта было асабліва важным для краін Акіяніі, дзе не існавала ткацтва. Тапа дастаткова трывалая, але не вытрымлівае вільгаці і распадаецца пры намаканні. Аднак у выніку яна была больш зручнай, чым вопратка з пер’я птушак або травы. Гандаль тапай паміж астравамі існаваў у краінах Акіяніі да прыходу еўрапейцаў. На Тонга сям’я лічылася беднай, калі не мела ніводнага лапіка тапы.
У наш час з тапы шыюць вопратку для спецыяльных цырымоній, накшталт вяселля. Па-мастацку размалёваныя кавалкі тапы з’яўляюцца выдатным сувенірам. Вырабляюцца накрыўкі і насценныя малюнкі з тапы.
Тапа (тканіна) на Вікісховішчы |