Тлінкіты

Тлінкіты
(Łingit Ḵwáan)
Агульная колькасць 17300 (2016 г.)
Рэгіёны пражывання Аляска, Брытанская Калумбія
Мова тлінкіт
Рэлігія татэмізм, анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы атабаскі, хайда, эякі

Тлі́нкіты, або тлі́нгіты (саманазва: Łingit Ḵwáan, англ.: Tlingit) — індзейскі народ на паўднёвым захадзе Аляскі і поўначы Брытанскай Калумбіі. У мінулым таксама былі вядомы як колашы (руск.: Колоши, ням.: Koulischen). Агульная колькасць — 17 300 чал.[1]

Падобна да іншых народаў на-дэне, тлінкіты з’яўляюцца нашчадкамі дзвюх старажытных міграцый перасяленцаў з Азіі ў Паўночную Амерыку[2]. Першая, найбольш буйная, адбылася каля 15 тысяч гадоў таму праз Берынгію. Другая — у прамежку паміж 10 тысячамі і 6 тысячамі гадоў таму. Паходжанне тлінкітаў ад дзвюх розных папуляцый пацвярджаецца генетычнымі даследаваннямі[3].

Жанчыны-тлінкіты з дзецьмі. Фота 1902 г.

Згодна паданням саміх тлінкітаў, іх продкі насялілі сучасны паўднёвы ўсход Аляскі падчас вывяржэння вулкана Эджком, якое, на думку геолагаў, адбылося каля 4 500 гадоў таму[4]. Падтрымлівалі шчыльныя культурныя, ваенныя і гандлёвыя сувязі з суседнімі індзейскімі народамі, эскімосамі і алеутамі.

Кантакты з еўрапейцамі пачаліся з 1741 года, калі паўночна-заходні ўскрай Новага Света наведала расійская экспедыцыя на чале з Аляксеем Чырыкавым. Ён дасылаў на бераг, населены тлінкітамі, 2 каманды, але абедзве не вярнуліся[5]. У 1788 годзе расійскія гандляры здолелі ўсталяваць мірныя кантакты з тубыльцамі ў заліве Якутат[6]. У 1796 годзе тут была пабудавана расійская крэпасць. У 1799 годзе Руска-амерыканская кампанія (РАК) абвясціла кантроль над землямі тлінкітаў. Аднак парушэнне расійскімі прамыслоўцамі племянных межаў і вынішчэнне мясцовых жывёльных рэсурсаў хутка прывялі да канфліктаў. Найбольш востры ўзнік у 18021804 гадах, калі тлінкіты захапілі крэпасці Якутат і Сітка. У выніку жорсткіх ваенных дзеянняў вялікія згубы панеслі абодва бакі. РАК атрымала фінансавую шкоду ў памеры не меней за паўмільёна рублёў. З дапамогай агнястрэльнай зброі і ваенных караблёў РАК здолела арганізоўваць лоў марскіх футравых звяроў, але не магла весці далейшую каланізацыю края[7]. Узброеныя канфлікты таксама ўспыхвалі ў 1851 і 1855 гадах.

Да канца другога дзесяцігоддзя XIX стагоддзя колькасць марскіх футравых звяроў значна скарацілася. У сувязі з гэтым, а таксама пад ціскам царскага ўрада РАК змяніла сваю палітыку ў адносінах да індзейцаў і замест эксплуатацыі рэсурсаў іх прыбярэжных тэрыторый перайшла да гандлю. Акрамя футра, тлінкіты гандлявалі бульбай і іншым правіянтам. Арганізоўваліся кірмашы, падчас якіх адорваліся правадыры. У 1842 годзе Мікалай I абвясціў тытул таёна колашаў. Ён быў дадзены тлінкіцкаму правадыру Міхаілу Кухкану[8].

У 18671884 гадах Аляска кантралявалася арміяй ЗША, якая, з аднаго боку, імкнулася прыцягнуць індзейцаў да супрацоўніцтва, з другога — жорстка карала самавольныя ваенныя рэйды. У 1882 годзе ваенны карабель абстраляў тлінкіцкую вёску Ангун[9]. Пасля адкрыцця золата ва ўнутраных раёнах Аляскі колькасць белага насельніцтва стала павялічвалася. Частка зямель тлінкітаў апынулася ў маёмасці прыватных кампаній.

У 1912 годзе для абароны правоў абарыгенаў было створана грамадскае аб’яднанне Братэрства карэнных народаў Аляскі. У 1924 годзе тлінкіты атрымалі права на амерыканскае грамадзянства[10]. Эканамічныя правы тлінкітаў абараняюцца законам Аляскі аб урэгуляванні правоў, прынятым у 1971 годзе.[11] З 1979 года дзейнічаюць міжплемянныя суды.

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Шлем у выглядзе маскі.

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі тлінгітаў здаўна былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Паляванне і збіральніцтва адбываліся на працягу года. Палявалі на ластаногіх, футравых звяроў, коз, мядзведзяў і інш. Збіралі ядомае карэнне, ягады, малюскаў. Рыбалоўства мела пераважна сезонны характар. Асабліва важным часам была міграцыя ласося. Таксама лавілі шчупакоў і палтусаў[12]. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскай справай. Збіральніцтва — жаночай. Земляробства ўзнікла ў 1820-х гг. Вырошчвалі пераважна бульбу. Паходжанне тлінкіцкай бульбы спрэчнае. Даследчыкі сцвярджаюць, што яна паходзіць непасрэдна ад бульбы з Паўднёвай Амерыкі[13], а не ад еўрапейскіх гатункаў.

Мужчыны былі вядомы як выдатныя разьбяры. Жанчыны займаліся ткацтвам. Сярод тлінкітаў быў папулярны стыль чылкат[14] — тканіны з казінай поўсці, упрыгожаныя ўзорамі. Галоўным транспартным сродкам з’яўляліся лодкі, якія выдзёўбвалі з бярвенняў і афарбоўвалі[15].

Дзякуючы багатым прыродным рэсурсам традыцыйная гаспадарка тлінкітаў дазваляла ім не толькі забяспечваць сябе, але і весці шырокі гандаль. Расійскі місіянер XIX ст. заўважаў[16]:

Колашы даволі здольныя, пераўзыходзяць алеутаў кемлівасцю і спрытам у гандлі. Сярод іх нямала добрых рамеснікаў: варта паглядзець на іх вырабы — баты (невялікія судны), коўдры, плашчы, дзіды, статуі з аспіда і дрэва. Могуць з поспехам цяслярыць, займацца агародніцтвам… Алеуты амаль усе «бяссрэбранікі», а колашы ўмеюць назапашваць прадукты ў дастатку, быць ашчаднымі, схільныя да назапашвання.

Разам з гэтым, яны заставаліся ваяўнічымі. У сутычках выкарыстоўвалі лук, дзіду, булаву. Разам з еўрапейцамі ў землі тлінкітаў трапіла агнястрэльная зброя. Для абароны цела выраблялі панцыры з ласінай або аленевай скуры, да якіх чаплялі кавалкі драўніны, манеты, драўляныя шлемы[17]. Шлемы пакрывалі ўсю галаву, па-мастацку ўпрыгожваліся ў выглядзе масак міфічных жывёл.

Асноўны традыцыйны від паселішча — вёска. Самыя вялікія вёскі маглі ўмяшчаць каля 80 хацін. Хаціны будавалі з хваёвых бярвенняў, знутры аббівалі дошкамі[18]. Дамы былі вялікімі, разлічанымі на пашыраную сям’ю. Каля жытла ставілі татэмныя слупы.

Сацыяльная арганізацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Татэм Крумкача.

Тлінкіты падзяляюцца на тры буйныя экзагамныя групы — Арла, Крумкача і Ваўка[19]. Прадстаўнікі груп Арла і Крумкача займалі марское ўзбярэжжа, група Ваўка сялілася пераважна ва ўнутраных раёнах. Чальцом групы становяцца ад нараджэння па лініі маці. Акрамя таго, у мінулым існавалі рэгіянальныя групы Ḵwáan, што бралі сваю назву па найменню ракі або ўзбярэжжа, каля якога сяліліся. Усяго налічвалася каля 14 такіх рэгіянальных груп. Экзагамныя групы падзяляюцца на матрылінейныя роды. Раней кожны род ствараў сваё паселішча. Роды і групы мелі свае абавязковыя эмблемы ў выглядзе татэмнай жывёлы.

Падзел на экзагамныя групы і роды нават у нашы дні важны пры выбары шлюбнага партнёра. Шлюбы знутры экзагамнай групы забаронены. Лепшым выбарам лічыцца шлюб з дачкой сястры бацькі. Аднак распаўсюджаны шлюбы з прадстаўніцамі роду дзеда або проста іншай экзагамнай групы[20]. У XVIII — XIX стст. сем’і правадыроў звычайна былі палігінічнымі, простых абшчыннікаў — манагамнымі. Разводы разглядаліся як злачынства супраць родаў бацькі і маці. Род вёў супольную гаспадарку. Яго цэнтрам былі вялікія доўгія хаціны, якія будаваліся ў паселішчах. Успадкоўванне адбывалася часцей ад дзядзькі да пляменніка.

Ужо да прыходу еўрапейцаў грамадства тлінкітаў не было роўным. Вылучаўся пласт спадчынных правадыроў родаў. Тлінкіты захоплівалі рабоў, якіх вымушалі выконваць найбольш цяжкую працу, прыносілі ў ахвяры падчас рэлігійных цырымоній, прадавалі, куплялі, абменьвалі. Рабам забаранялася мець шлюб са свабоднымі абшчыннікамі. Дзеці рабынь ад свабодных мужчын заставаліся рабамі. У 1812 г. узгадвалася, што адзін з правадыроў меў адразу 50 рабоў абодвух палоў, але звычайная лічба рабоў пры правадыры была 12[21]. Пры некаторых абставінах рабы атрымлівалі свабоду і ўваходзілі ў род былога гаспадара. Фармальна рабства было адменена пасля далучэння Аляскі да ЗША. У 1886 г. суд горада Сітка канчаткова пацвердзіў абавязак рабаўладальнікаў вызваліць рабоў[22].

Тлінкіты вядомы як выдатныя разьбяры па дрэву і майстры гафту[23]. Найбольш адметнымі прыкладамі мастацтва з’яўляюцца драўляныя татэмныя слупы, што ўсталёўваліся ў паселішчах або каля месцаў пахавання з наступнымі мэтамі[24]:

  • У гонар памерлага вядомага суайчынніка
  • У гонар асабістых заслуг і набыткаў
  • Адлюстраванне міфаў і праўдзівых апавяданняў
  • У гонар шчодрасці арганізатара цырымоніі патлач

Тлінкіты маюць багаты фальклор — міфы, казкі, легенды, гістарычныя паданні. Асобна вылучаюцца цыкл апавяданняў, прысвечаны Крумкачу, які паўстае як стваральнік свету і трыкстэр[25][26]. Захаваліся цырыманіяльныя і рытуальныя песні і танцы.

Мова тлінкіт адносіцца да групы моў на-дэне. Першыя запісы на ёй рабіліся з XIX ст., аднак пісьмовая сістэма пачала распрацоўвацца толькі ў другой палове XX ст. У нашы дні фактычна дзейнічаюць тры арфаграфічныя сістэмы на аснове лацінкі[27]:

  • Папулярная (з канца 1960-х гг.), якая найчасцей сустракаецца ў працах прафесійных антраполагаў.
  • «Канадская» (з 1980-х гг.), распаўсюджаная ў Канадзе.
  • Сучасная, заснаваная на ўжыванні сучасных тэхналогій камунікацыі, значна спрошчаная ў параўнанні з першымі дзвюма.

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні тлінкітаў сумяшчалі рысы анімізму і татэмізму. Яны верылі ў існаванне вышэйшай істоты Kah-shu-goon-yah — стваральніка свету, «дзядулі» ўсяго жывога, уладара сусветнага парадку. Яго імя прамаўлялі толькі шэптам[28]. У міфах аб стварэнні свету таксама фігуруе татэмная жывёла Крумкач Nass-aa-geyeil, аднак толькі ў другаснай ролі трыкстэра і арганізатара. Татэмы kotea экзагамных груп і родаў з’яўляліся ў першую чаргу міфалагічнымі сімваламі грамадскага парадку, а не аб’ектамі рэлігійнага шанавання.

Навакольны сусвет насяляўся духамі yéiks, што маглі ўвасабляцца ў людзях, жывёлах, раслінах, розных прадметах. Вернікі імкнуліся захоўваць паважныя адносіны з yéiks, уласкавіць іх ахвярапрынашэннямі. Лічылася, што пасля смерці чалавечы дух tu-na-jek трапляе ў замагільны свет Kiwa-wa. Пасля знаходжання там ён мае магчымасць адрадзіцца зноў у абліччы нашчадка. Аднак пры наяўнасці грахоў яго чакае «сабачы свет» Ketl-kiwa[29].

У тлінкітаў меліся шаманы ichet. Але іх функцыі абмяжоўваліся лекаваннем праз магічнае уздзеянне на yéiks і tu-na-jek. Рэлігійныя цырымоніі ўзначальвалі найбольш паважаныя старыя людзі і правадыры. Верылі ў існаванне злых чараўнікоў nukw-sati.

Важную ролю ў грамадскім і рэлігійным жыцці адыгрываў патлач ku.éex’[30]. Звычайна ён уваходзіў у цыкл пахавальных цырымоній, але мог арганізоўвацца ў гонар іншых падзей. Патлач суправаджаўся песнямі, танцамі, спаборніцтвамі, пірамі, шчодрай раздачай маёмасці, а часам яе знішчэннем як формай ахвярапрынашэння. Арганізатарам выступала прыватная асоба. Еўрапейскія перасяленцы і місіянеры разглядалі патлач як злачынныя паводзіны ў адносінах да прыватнай маёмасці. У 18841951 гг. патлач быў забаронены ў Канадзе. У ЗША таксама дзейнічала забарона да 1934 г.

У XIX ст. пачалося распаўсюджанне хрысціянства праваслаўнымі, а потым пратэстанцкімі місіянерамі. Працэс хрысціянізацыі адбываўся хуткімі тэмпамі ў канцы XIX ст., калі простыя абшчыннікі былі расчараваны ў магчымасцях традыцыйнай рэлігіі абараніць іх ад эпідэмій, а таксама ў сувязі з паступовым заняпадам улады родавых правадыроў.

  1. Tlingit
  2. Merritt Ruhlen, The origin of the Na-Dene
  3. DNA tracks ancient Alaskan's descendants
  4. Tlingit Archeology, Legends, and Oral Histories at Sitka National Historical Park
  5. Diane E. Benson, Tlingit
  6. Русско-тлинкитские контакты (XVIII—XIX вв.)
  7. Зорин А. В. Индейская война в русской Америке: русско-тлинкитское военное противоборство. — Курск, 2002.
  8. Андрей Гринёв. Русские наградные медали для туземцев Аляски
  9. DAVE KIFFER, US Navy Bombed Angoon 125 Years Ago. Attack was later called a 'misunderstanding'
  10. History of the Tlingits
  11. The Alaska Native Claims Settlement Act Архівавана 15 жніўня 2016.
  12. Tlingit — Economy
  13. Tlingit & Haida Potatoes
  14. Chilkat Blanket
  15. Tlingit Tribe
  16. Иоанн Вениаминов
  17. Tlingit Weapons
  18. Cedar Plank Houses of the Northwest Coast
  19. Tlingit Family Dynamics
  20. Marriage and family — Tlingit
  21. Indian Slavery and Slaves
  22. THEY WOULDN'T LIE TO TOURISTS, WOULD THEY?(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2012. Праверана 13 жніўня 2016.
  23. Tlingit Art
  24. Totem Poles from the Tlingit and Haida tribes Архівавана 29 студзеня 2017.
  25. Tlingit Creation Story
  26. Tlingit Myths and Texts
  27. Tlingit (Lingít, Łingít)
  28. Tlingit — Religion and Expressive Culture
  29. Tlingit Religion and Customs
  30. Tlingit Potlatches