| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
То́рунь[3] (польск.: Toruń) — горад на правах павета на поўначы Польшчы, у Куяўска-Паморскім ваяводстве. Знаходзіцца на рацэ Вісла. Адлегласць па прамой паміж гарадамі Торунь — Мінск 595 км, да Варшавы — 186 км[4].
Насельніцтва 197 812 жыхароў (2021 год)[5].
Горад узнік вакол замка, заснаванага тэўтонскімі рыцарамі ў 1231 годзе. У 1232 годзе атрымаў гарадское права. У 1264 годзе непадалёку ад Торуні заснаваны Новы горад, у 1454 годзе абедзве гарадскія часткі аб’ядналіся. Значны гандлёвы цэнтр, член сярэдневяковай Ганзы.
З 1454 года ў складзе Польшчы. Радзіма М. Каперніка. Тут падпісаны мірныя дагаворы, якія завяршылі Вялікую вайну (1409—1411) з удзелам Вялікага Княства Літоўскага і скончылі Трынаццацігадовую вайну (1454—1466). З канца XVI стагоддзя асяродак лютэранства.
З 1793 года горад у Прусіі (акрамя 1807—1815, калі ён уваходзіў у Варшаўскае герцагства), яе значная памежная крэпасць. З 1920 года ў Польшчы, важны ваенна-рачны порт, галоўная база Віслінскай флатыліі польскіх ВМС. У Другую сусветную вайну далучаны да Германіі. З 1945 года зноў у складзе Польшчы, у 1975—1999 гадах адміністрацыйны цэнтр Тарунскага ваяводства.
|
Развіваецца хімічная, машынабудаўнічая, харчовая, шарсцяная, швейная, паліграфічная прамысловасць.
Вузел чыгунак і аўтамабільных дарог. Порт на рацэ Вісла.
Уваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Захаваліся руіны замкаў XIII—XV стагоддзяў. У раёнах Старога горада і Новага горада рэшткі гарадскіх умацаванняў, ратуша (XIII стагоддзе — 1603), гатычныя касцёлы Св. Яна (каля 1250 — XV стагоддзе), Св. Якуба (1309—1315), Дзевы Марыі (1350—1370), гатычныя і барочныя збожжасховішчы (XIV—XVII стагоддзі), дамы ў стылях готыкі, рэнесансу і барока. Вылучаюцца грамадскія пабудовы ў духу эклектыкі (універсітэт, пачатак ХХ стагоддзя, неаготыка), стылю мадэрн і функцыяналізму. Помнік М. Каперніку (1853).