Трасуха | |
---|---|
Кірунак: | народны |
Памер: | 2/4 |
Тэмп: | хуткі |
Вытокі: | беларускія |
Месца і час узнікнення: | беларускія |
«Трасу́ха»[1][2] — старадаўні парна-масавы[3] беларускі народны танец[2], які, на думку К. Галяйзоўскага, з’яўляўся правобразам полькі[4][5].
Мяркуецца, што назва танца цягнецца з часоў Старажытнай Русі, калі дванаццать сясцёр-пляскавіц штомесяц прымалі ўдзел у абрадах культу багіні Мокаш і веснавых святых Лады і Лелі[4]. Як лічыў вядомы даследчык славянскай старажытнасці Б. А. Рыбакоў, у народнай памяці гэтыя сёстры трансфармаваліся, зліўшыся з русалкамі-берагінямі[6]. З-за сваёй туманна-воднай сутнасці яны ператварыліся ў трынаццаць ліхаманак — сталі «трасавіцамі-плясавіцамі». Вось ад слова трасавіца і пайшла назва тыпавога беларускага танца, які пазней пад моцным уплывам полькі стаў сучаснай «Трасухай»[2][4].
К. Галяйзоўскі ў канцы 30-х гадоў XX стагоддзя пры адборы матэрыялу для Дэкады беларускага мастацтва убачыў і апісаў «Трасуху», якая складалася з 12 самастойных танцавальных эпізодаў, якія выконвалі па чарзе 12 дзяўчат. Адна з іх была ў вобразе кульгавай і сагнутай старой і капіявала яе рухі. Сола чаргаваліся з масавымі прыпляскамі[4].
П. В. Шэйн запісаў варыянт «Трасухі», у якім праглядвае кампазіцыя старажытнага двухшарэнгавага карагода[4].
З прыходам у Беларусь полькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя сфармаваўся гібрыд полькі і «Трасухі», які аб’яднаў кручэнне полькі і патрэсванне верхняй часткай корпуса з традыцыйнага танца. Нягледзячы на існаванне мноства варыянтаў «Трасухі», у іх заўсёды прысутнічае гэта характэрнае патрэсванне рукамі, плячыма ці корпусам, якое дазваляе адразу пазнаць гэты танец. Паэт адзначыў гэта такім радком: «Нават сівай барадзе не сядзіцца, як плячамі павядзе маладзіца»[4]. Нагамі выконваюцца тэхнічна складаныя спружыністыя рухі[7]. Танец можа выконвацца і сола, і парамі[2].
Беларуская «Трасуха» часта апісвалася этнографамі. Вось як апісвае танец «Трасучка» ці «Пацяруха» П. Шпілеўскі, які назіраў яго ў в. Сіняўка[2][4][8]:
Звычайна становяцца дзве пары дзяўчат і хлопцаў: пакланіўшыся адзін аднаму, пара дзяўчат, трасучыся ўсім целам і размахваючы рукамі, на пятках вытварае розныя па і потым сапраўды плыве насустрач пары хлопцаў, якія, у сваю чаргу, тупаюць наскамі ботаў, неяк скоса, з-пад казырка пазіраючы на папярэдніх дам; калі сыдуцца дзве пары, пляснуць адзін аднаму над вухам у далонькі і паасобку разыходзяцца ў розныя бакі, тупаючы нагамі і прыгаворваючы: «Вух я, ды вух я!». Потым групуюцца ўсе пары разам і, пераплятаючыся рукамі, робяць кругі то ў адзін, то ў іншы бок; нарэшце, раскланьваюцца адзін з адным і хаваюцца ў натоўпе, як бы чакаючы выкліку або новага запрашэння з боку хлопцаў. |
«Трасуха» разам з «Лявоніхай» набылі такую вядомасць і папулярнасць за межамі краіны, што сталі своеасаблівымі знакамі нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва[2][4].
Польцы-трасусе прысвечана песня «Полька беларуская» Ігара Лучанка i Леаніда Дранько-Майсюка[9].