| ||||||||||||||||||||
Трбоўле[1] (славенск.: Trbovlje) — горад у цэнтральнай частцы Славеніі. Па дадзеных на 2012 год насельніцтва горада складала 14 977 чалавек; насельніцтва ўсёй абшчыны — 16 290 чалавек.
Трбоўле знаходзіцца ў даліне Савы, за 5 км ад самой ракі і выцягнуты на сем кіламетраў уздоўж невялікага прытоку Савы Трбовельшыцы. За 50 км на паўднёвы захад знаходзіцца Любляна, за 25 км на паўночны ўсход — горад Цэле.
Мясцовасць заселена са старажытнасці, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі — каменны молат у Лаконцы і інш. Пасяленні былі невялікія, некалькіх хутароў зафіксаваны ў гарадскім рэестры Отакара (1265). Пазней колькасць гаспадарак павялічвалася павольна, бо зямлі было не багата. Спачатку пераважна сяліліся на вяршынях.
У сярэдзіне ХІХ ст. пракладзена дарога ў бок Савіньскай даліны. Абсаўскую дарогу ў бок Храстніка і Загор’я пабудавалі немцы падчас Другой сусветнай вайны.
З 1804 г. у Трбоўле пачаўся росквіт здабычы вугалю. Насельніцтва ў той час хутка расло, пачалі будавацца дарогі і пасёлкі для шахцёраў, якія таксама называлі калоніямі. Трбоўле больш не было месцам некалькіх фермераў, а ператварылася ў горад з сацыяльным класам рабочых і гараджан. Аб гэтым перыядзе нагадваюць шматлікія ўваходы ў тунэлі, шахцёрскія калоніі і бронзавыя статуі шахцёраў аўтарства Стояна Баціча перад Домам рабочых у Трбоўле. Мясцовая легенда пра карліка Перкмандэльца, які скраў у шахцёраў абед і пераследваў іх падчас працы ў тунэлях, таксама нагадвае пра здабычу ў Трбоўле.
Падчас буму горназдабываючай прамысловасці нямецкая была самай папулярнай мовай у Трбоўле. Толькі некаторыя нацыянальна свядомыя славенцы прыкладалі намаганні для папулярызацыі славенскай мовы. Сярод іх была і карчмарка Ана Дымнік. Gostilna Dimnik дагэтуль стаіць у пачатку вуліцы Саламін (французскі муніцыпалітэт Саламін з 1964 г. з'яўляецца пабрацімам Трбоўле). Да старога Трбоўле вядзе Рамесніцкая дарога, там стаіць маёнтак Пеклара, падмурак якога, магчыма, паходзіць з часоў графаў Цэльскіх, а сёння носіць назву Лоўскага градыча. Гэта самы стары дом у Трбоўле, які ўпершыню згадваецца ў гарадскім рэестры ў 1582 годзе. Унутры будынка знаходзіцца муніцыпальны пратакольны пакой або вясельны пакой.
Гарадскія правы паселішча атрымала ў сярэдзіне ХХ ст.
У мінулым развіты прамысловы горад з прадпрыемствамі электраэнергетыкі, хімічнай, цэментнай прамысловасці, машынабудавання. Лічыўся адным з самых забруджаных гарадоў Славеніі. У горадзе ёсць музей шахцёрскай справы і прамысловасці ў рэгіёне.
Самая высокая горная вяршыня ў муніцыпалітэце Трбоўле і ў цэлым у Засаўі - гэта Кум, які знаходзіцца на вышыні 1220 метраў над узроўнем мора і геаграфічна знаходзіцца амаль у цэнтры Славеніі. На Куме, таксама вядомым як Засаўскі Трыглаў, акрамя Планінскага дома размешчаны касцёл св. Нежы са званіцай і перадатчык RTV. Радыёвяшчанне пачалося ў 1957 годзе, і цікавы той факт, што радыёвяшчальны цэнтр Кум быў першым у Славеніі аб’ектам, што зазнаў авіяналёт у 1991 годзе, ён быў атакаваны двойчы.
Касцёл св. Нежы мае дзве званіцы, адна размешчана ў касцёле, а другая побач. Легенда кажа, што на Куме кожны на сваёй вяршыні пасвілі пастух Ёшт і пастушка Нежа. Ёшту хацелася ўвагі Нежы, таму ён нястомна клікаў яе па-нямецку «komm, komm» (падыйдзі, падыйдзі). Так гара і атрымала назву Кум. Мы не ведаем, ці сапраўды Нежа наведвала Ёшта. Але вядома, што незамужнія дзяўчаты любяць цягнуць канат званоў у касцёле св. Нежы, калі хочаць знайсці хлопца сваёй мары.
Від з самага высокага пункта Пасаўскага хрыбта ахоплівае амаль усю Славенію. З усходу на поўдзень відаць Горы, Капытнік, Качэўскі Рог, Снежнік, Нанос, а побач - даліна Сапота і шырокія Даленскія пагоркі. На захадзе — Юліянскія Альпы з Трыглавам, перад імі — Поўхаграйскае і Шкоф’елошскае пагор'і. Але калі мы паглядзім на поўнач, то ўбачым Караванкі і Камнішскія Альпы. У ясныя дні бачна аж да Любляны і за межы Славеніі да Заграба і Трыеста.
У чэрвені вы можаце стаць сведкам веласіпеднага ўзыходжання на Кум і памятнай цырымоніі ў гонар Дня дзяржаўнасці. У апошнюю нядзелю жніўня на Куме сустракаюцца паломнікі са шматлікіх месцаў у Славеніі на так званую Кумланскую нядзелю.
У Трбоўле знаходзяцца дзве рымска-каталіцкія парафіі: парафія Св. Марціна і парафія Св. Марыі. Абедзве належаць да дыяцэзіі Цэле.
Парафіяльны касцёл святога Марціна першапачаткова быў раманскім храмам, ад якога захавалася частка нефа. Святыня выканана ў гатычным стылі, а ў XVIII стагоддзі былі прыбудаваны званіца і капліца ў стылі барока. У XIX стагоддзі неф быў пашыраны. Другі касцёл парафіі св. Марціна знаходзіцца ў заходнім канцы горада, прысвечаны святому Мікалаю і быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі.
Парафія Найсвяцейшай Марыі ў паўднёвай частцы горада была створана ў 2000 годзе. Яе парафіяльны касцёл прысвечаны Дзеве Марыі. Будаваўся з 1998 па 2000 гады паводле праекта архітэктара Ёжэ Марынка. Вітражы, карціны і Крыжовы шлях былі створаны мастаком Лойзэ Чэмажарам. Касцёл быў блаславёны ў жніўні 2000 года і асвечаны ў кастрычніку 2007 года.
Андухт і Нохшыхт — традыцыйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца штогод у рамках святкавання гарадскога свята ў чэрвені. Назвы гэтых мерапрыемстваў — тыпова шахцёрскія: "андухт" — свята і "нохшыхт" — начная праца. Акрамя двух канцэртных вечароў, гасцей чакаюць сельскі рынак, дзе прадстаўлены мясцовыя вытворцы і мастакі, і кулінарны конкурс "Грэнадзірмарш", які ўпершыню прайшоў у 2017 годзе. Штогод у конкурсе бяруць удзел вядомыя дзеячы славенскай кухні ў якасці судзейскай калегіі, а мясцовыя прадпрыемствы, установы і асацыяцыі спаборнічаюць у кулінарных конкурсах.