| ||||||||||||||||||||||
Тромсё, Трумсё (нарв.: Tromsø, пн.-саамск.: Romsa) — горад і муніцыпалітэт у Нарвегіі, адміністрацыйны цэнтр фюльке Тромс.
Муніцыпалітэт Тромсё займае вялікую тэрыторыю за межамі горада. Тромсё — восьмы па колькасці жыхароў горад Нарвегіі. Цэнтр горада знаходзіцца на невялічкім востраве, амаль на 400 км на поўнач ад палярнага круга. Тут знаходзяцца самыя паўночныя ў свеце ўніверсітэт (Універсітэт Тромсё), батанічны сад, бровар і планетарый.
Паселішчы на месцы Тромсё існавалі з часоў эпохі апошняга зледзянення і ў жалезным веку. Першая царква ў Тромсё была пабудавана ў 1252 годзе. Статус горада Тромсё атрымаў у 1794 годзе. У XIX стагоддзі значэнне горада ўзрастае з заснаваннем кафедры біскупа (1834), адкрыццём педагагічнага каледжа (1848) і суднарамонтнай верфі (1872). Падчас Другой сусветнай вайны ў горадзе часова знаходзіўся Урад Нарвегіі. Тромсё не пацярпеў ад вайны, хоць непадалёк ад горада быў затоплены нямецкі лінкар Tirpitz, на якім загінулі амаль 1000 нямецкіх салдат. У 1964 годзе адкрыўся аэрапорт, у 1972 годзе — універсітэт.