Горад
Трынкамалі
තිරිකුණාමළය,திருகோணமலை
| ||||||||||||||||||||
Трынкама́лі (сінгальск.: තිරිකුණාමළය, там.: திருகோணமலை) — горад, адміністрацыйны цэнтр Усходняй правінцыі Шры-Ланкі. Насельніцтва - 101958 чал. (2007 г.).
Трынкамалі вядомы з VI ст. да н.э. як порт Гакарна. З VII ст. н.э. знаходзіўся пад сталым кантролем тамілаў. Стаў адным з галоўных цэнтраў індуізму на Шры-Ланцы і важным гандлёвым цэнтрам на поўначы Індыйскага акіяна. Трынкамалі наведваў Марка Пола. У друг. пал. XVI ст. амаль знішчаны партугальцамі. У XVII ст. галандцы заснавалі на яго тэрыторыі крэпасць Святога Фрэдэрыка, якая зноў прыцягнула жыхароў. У кан. XVIII ст. акупаваны Вялікабрытаніяй. Да 1957 г. заставаўся важнай брытанскай ваеннай базай.
Да 1980-ых гг. меў даволі стракаты склад насельніцтва. Большасць складалі тамілы, аднак у Трынкамалі таксама былі буйныя абшчыны сінгалаў, бюргераў, маўраў, выхадцаў з Інданезіі, Малайзіі і краін Еўропы. Сітуацыя змянілася пад час грамадзянскай вайны 1983 - 2009 гг., калі горад некаторы час знаходзіўся пад кантролем тамільскай арганізацыі "Тыгры вызвалення Таміл-Ілама". З-за ваенных дзеянняў і рэпрэсій яго пакінулі многія жыхары, у тым ліку частка тамілаў. Зараз жывуць пераважна тамілы.
Трынкамалі застаецца адной з галоўных ваенных баз арміі Шры-Ланкі. Працуюць ваенная і марская ваенная акадэміі.
У наваколлі Трынкамалі знаходзяцца адныя з лепшых пляжаў Шры-Ланкі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. У самім горадзе - некалькі старажытных індуісцкіх храмаў. Найбольш старажытны з іх быў заснаваны ў III ст. н.э. У 47 км ад горада - рэшткі сінгальскага будысцкага кляштара. Захавалася галандская крэпасць.
Трынкамалі - важны порт у Індыйскім акіяне. Працуюць аэрапорт, чыгунка, некалькі аўтобусных станцый.