Тубіфера (Tubifera) — род прасцейшых з класу Myxogastrea сямейства рэтыкулярыевыя (Reticulariaceae). Віды роду распаўсюджаныя пераважна ў лясных экасістэмах; назіраюцца на мёртвай драўніне і лісцевай падсцілцы. Насяляюць ва ўмеранай, трапічнай і экватарыяльнай зонах, выяўленыя на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Споранашэнні роду адрозніваюцца даволі буйнымі памерамі (0,5 — 5 см), і добра прыкметныя няўзброеным вокам, асабліва ў маладым стане, калі яны маюць ярка-ружовую, цялесную або крэмавую афарбоўку[1][2]. У англійскай мове вядома народная назва "mullbery slime mold " — «малінавы слізявік»[3].
Як і іншыя міксаміцэты, прадстаўнікі роду маюць складаны жыццёвы цыкл. Споры прарастаюць з вызваленнем амёбоідных клетак, якія развіваюцца з утварэннем шмат’ядравага плазмодыю. Па дасягненні крытычнай масы, плазмодый пераўтвараецца ў пладовае цела — спорафор[2].
Спорафоры — псеўдаэталіі, утвораныя пераважна цыліндрычнымі споратэкамі; падушкападобныя, паўсферычныя, распасцёртыя. Гіпаталюс губчаты, белы, жаўтлявы або карычневы, можа ўтвараць цыліндрычную ножку. Індывідуальныя споратэкі цыліндрычныя, радзей сферычныя або лабірынтападобныя, размешчаны ў выглядзе аднаго або некалькіх слаёў, у перасеку круглявыя або паліганальныя ад ўзаемнага сціску; верхавіны споратэк закругленыя, булавападобныя, канічныя або плоскія. Перыдый плёнкавы, эластычны, бліскучы або матавы, часам слаба ірыдавальны; ускрыццё нерэгулярнае, пераважна ў верхняй частцы. Псеўдакалюмела адсутнічае або маецца, канічная або цыліндрычная, часам зрастаецца з верхавінай споратэкі; можа ўтвараць бакавыя адгалінаванні. Псеўдакапіліцый адсутнічае, радзей мае выгляд плёнкавых цяжаў паміж перфараванымі ўчасткамі перыдыя. Споры ў масе іржава-карычневыя, радзей вохрыста-карычневыя, медна-карычневыя; арнаментаваныя сетачкай, зрэдку — бародаўкамі або грабянямі, часта з бледнай вобласцю. Плазмодый і маладыя споракарпы — розных адценняў ружовага, пры паспяванні — каштанава-карычневыя або чорныя[1].
Neubert H., Nowotny W., Baumann K., Marx H. Die Myxomyceten Deutschlands und des angrenzenden Alpenraumes unter besonderer Berücksichtigung Österreichs. Bd. 1-3, Karlheinz Baumann Verlag, Gomaringen, 1993—2000.
George W. Martin, Constantine John Alexopoulos, Marie Leonore Farr:The genera of Myxomycetes, Iowa City, 1983, ISBN 0-87745-124-9
Henry Stempen, Steven L. Stevenson. Myxomycetes. A Handbook of Slime Molds. Timber Press, 1994, ISBN 0-88192-439-3.