Тунцы — група рыб сямейства скумбрыевых. 5 родаў, 13 відаў. Пашыраны ў цёплых водах усіх акіянаў, некаторыя заходзяць ва ўмераныя воды. Зграйныя пелагічныя рыбы.
Даўжыня ад 30 см да 3 метраў і больш, маса да 680 кг (тунец сіні, або звычайны). Цела верацёнападобнае, падоўжанае. Хваставое сцябло тонкае, мае з кожнага боку вялікі скурысты кіль. Ззаду спіннога і анальнага плаўнікоў некалькі дадатковых плаўнічкоў. Адрозніваюцца моцным развіццём крывяносных сасудаў скуры, бакавых цягліц цела і т.зв. чырвоных цягліц, што дае ім магчымасць плаваць хутка і на вялікія адлегласці. Кормяцца рыбамі, малюскамі, ракападобнымі. Аб'екты промыслу.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 576 с.: іл.