Тухольскія бары (польск.: Bory Tucholskie) — буйны лясны масіў у раёне горада Тухоля на поўначы Польшчы, у міжрэччы Брды і Уды. Тут размешчаны Нацыянальны парк «Тухольскія бары», уключаны ў 2010 годзе ў праграму ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера»[1].
Рэгіён сфарміраваўся на працягу апошняга ледавіковага перыяду. Пераважна складаецца з невысокіх узгоркаў і больш як 900 паледавіковых азёр. Плошча лесу складае каля 3200 км², што робіць яго адным з найбуйнешых лясных масіваў у Польшчы і Цэнтральнай Еўропе. У 1996 годзе на частцы тэрыторыі плошчай 46,3 км² быў створаны Нацыянальны парк «Тухольскія бары». Прыкладна 30 % тэрыторыі заселена народнасцю Kociewiacy. Найбуйнейшыя гарады на тэрыторыі Тухоля і Чэрск.
У часы Германскай імперыі на тэрыторыі лесу размяшчалася ваенная база для медыцынскіх даследаванняў.
У 1939 годзе, падчас уварвання ў Польшчу ў пачатку Другой сусветнай вайны, у лясах разгарнулася бітва ў барах Тухольскіх.
Неўзабаве нямецкія войскі акупавалі тэрыторыю былой даследчай базы, і далі ёй назву Truppenübungsplatz Westpreußen, або Heidekraut[2].
Са жніўня 1944 года па студзень 1945 года, войскі СС пад камандаваннем Ганса Камлера і Вальтэра Дорнбергера праводзілі тэсты ракеты ФАУ-2. Іх група была эвакуіравана ў студзені 1945 года да таго, як войскі Чырвонай Арміі вызвалілі гэту тэрыторыю.
Пасля Другой сусветнай вайны лес служыў прытулкам для многіх антыкамуністычных партызан.
У чэрвені 2010 года Тухольскія бары былі вылучаны ў адмысловую тэрыторыю ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У ключавую зону ўвайшоў Нацыянальны парк «Тухольскія бары», а таксама 25 прыродных запаведнікаў, размешчаных у буфернай зоне. У буферную зону ўвайшлі рэгіянальныя ландшафтныя паркі Тухольскі, Удэцкі, Удыдзскі і Заборскі. Таксама вылучана пераходная зона, якая ўключае горад Тухоля з наваколлямі. Ключавая зона пакрывае 78.8 км², а ўсе тры зоны разам 3,195 км²[3].