Тыга | |
---|---|
фр. Tiga | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 10 км² |
Насельніцтва | 150 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 15 чал./км² |
Размяшчэнне | |
21°06′25″ пд. ш. 167°48′53″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Тыга́ (фр.: Tiga), або Такано́д (фр.: Tokanod) — невялікі востраў архіпелага Луаятэ. Уваходзіць у склад Новай Каледоніі. Плошча — 10 км². Насельніцтва (2004 г.) — 150 чал.
Тыга — тыповы падняты атол, які ўзвысіўся над акіянам некалькі мільёнаў гадоў таму дзякуючы дзейнасці падводнага вулкана. Паверхня складзена порыстымі вапнякамі. У выніку эрозіі на востраве сфарміраваліся карставыя пячоры. Значную частку сушы займае плато вышынёй да 76 м. Паверхневых вадацёкаў няма. На Тыга знойдзена радовішча фасфатаў, якое, аднак, ніколі не распрацоўвалася.
Тыга быў населены каля 3 тысяч гадоў таму меланезійцамі. Археолагамі былі знойдзены старажытныя пячорныя пахаванні, якія сведчаць, што перасяленцы здолелі добра адаптавацца да неспрыяльных умоў малога вострава, дзе адчувалася нястача пітной вады. Іх нашчадкамі з’яўляюцца сучасныя насельнікі — прадстаўнікі невялікага канакскага племені, якія размаўляюць на мове, блізкай да дрэху жыхароў суседняга вострава Ліфу. У 1840 г. брытанскія місіянеры распаўсюдзілі сярод іх пратэстантызм.
У нашы дні на паўночным усходзе вострава існуе адзінае паселішча, жыхары якога займаюцца земляробствам, рыбалоўствам і зборам малюскаў. На плато, дзе дажджавой вільгаці значна болей, чым на прыбярэжнай нізіне, яны вырошчваюць гародніну. Раней Тыга славіўся ўраджаямі цыбулі, што вывозілася на Новую Каледонію. У наш час земляробства забяспечвае ўнутраныя патрэбы астравіцян. На знешні рынак паступае толькі мясцовая копра. Пітную ваду па традыцыі захоўваюць у карставых ямінах. Электрычнасць атрымоўваюць з дапамогай сонечных батарэй.
У паселішчы ёсць амбулаторыя, школа, пратэстанцкі касцёл, крама, прычал і аэрадром. Нягледзячы на адсутнасць гасцініц, востраў наведваюць турысты. Падтрымліваецца марская і паветраная транспартная сувязь з Ліфу.