Тын

Тын ці астрог, парка́н, паліса́д (фр.: palissade, італ.: palizzata, лац.: palus; таксама бел.: астракол і руск.: частокол) — абарончае збудаванне, якое складаецца з раду драўляных слупоў, убітых ці ўкапаных ніжнімі канцамі ў грунт.[1]

Таксама астрогам на землях Беларусі называлася частка горада, абнесеная сцяной-астрогам (напрыклад, у Мазыры, Крычаве).[2]

Верхнія канцы слупоў могуць быць завостранымі (астрог[3]), слупы могуць мацавацца з нахілам, мець дадатковыя папярочныя мацаванні, падпірацца каменнем знізу і інш. Тын (астрог) мог быць самастойнай загародай, або дапаўняць вал.

Найпрасцейшае, вядомае са старажытнасці, абарончае збудаванне, якое выцясніла дагістарычныя загароды з калючага кустоўя вакол паселішчаў[4]; простасць і хуткасць выканання зрабілі яго пераважным тыпам умацаванняў у тых мясцовасцях, дзе існавалі запасы лесу (напрыклад, у Англіі — да сяр. 12 ст.[5], на землях Русі — да пач. 13 ст.). З развіццём вайсковай справы, на Захадзе былі выцесненыя каменнымі ўмацаваннямі. Як тымчасовыя палявыя ўмацаванні, тыны (палісады) ўжываліся і ў новы час (19 ст.).

На землях Беларусі астрогі вядомыя з часоў жалезнага веку. Пашыраны ў абарончым будаўніцтве 9—14 ст. У драўляных замках 16—18 ст. выцесненыя гароднямі і тарасамі, але выкарыстоўваліся на меней важных участках абароны і пры неабходнасці хутка збудаваць абарончую сцяну. Вядомыя ў замках Віцебска, Полацка, Мазыра, Рагачова і інш., таксама як агараджальная канструкцыя феадальных сядзіб (Дастоева, сучасны Іванаўскі раён).[2] Астрогамі часам абкружалі вёскі і мястэчкі.

Астрогі ў складзе замкавых комплексаў мелі ў верхніх частках баявыя галерэі з абламамі і стрэшкамі з драніцы ці гонты. Астрогі ў феадальных сядзібах выконваліся ў выглядзе простай сцяны.[2]

  1. Піваварчык; Якімовіч.
  2. а б в Якімовіч.
  3. Паводле Якімовіча.
  4. Chisholm, Hugh, рэд. (1911). "Fortification and Siegecraft" . Encyclopædia Britannica(англ.) (11th ed.). Cambridge University Press.
  5. Эварт Окшотт. Рыцарь и его замок. Средневековые крепости и осадные сооружения / Пер. с англ. А. Н. Анваера [Ewart Oakeshott. Knight and his castle.]. — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. — 206 с. ISBN 978-5-9524-2934-5.