Тэадора Кробер | |
---|---|
Дата нараджэння | 24 сакавіка 1897[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 4 ліпеня 1979[2][3] (82 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Муж | Альфрэд Льюіс Кробер[1] |
Дзеці | Карл Кробер[d][1] і Урсула Кробер Ле Гуін[1] |
Род дзейнасці | пісьменніца, антраполаг |
Навуковая сфера | антрапалогія[4] і літаратура[4] |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тэадора Ковел Кракаў Кробер Куін (англ.: Theodora Covel Kracaw Kroeber Quinn; 24 сакавіка 1897, Дэнвер — 4 ліпеня 1979, Берклі, Каліфорнія) — амерыканская пісьменніца, антраполаг, археолаг і даследчыца культуры індзейцаў. Жонка Альфрэда Кробера, маці Урсулы Ле Гуін.
Тэадора Ковел Кракаў нарадзілася ў 1897 годзе ў Дэнверы. Яе бацькі былі ўладальнікамі крамы і мігрантамі з Польшчы[5][6]. Па словах Тэадоры, яе дзяцінства было шчаслівым[5]. У яе было двое старэйшых братоў[5]. У 1915 годзе Тэадора скончыла школу і паступіла ў Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі. У 1921 годзе яна скончыла універсітэт cum laude і атрымала ступень магістра клінічнай псіхалогіі[6][7]. Тады ж яна выйшла замуж за Кліфтана Браўна, у іх нарадзілася двое дзяцей. Муж і жонка пражывалі ў Санта-Фэ, дзе Тэадора пачала цікавіцца культурай індзейцаў. У 1923 годзе Кліфтан памёр ад пнеўманіі, якой захварэў падчас Першай сусветнай вайны[5].
Пасля смерці мужа Тэадора вярнулася ў аспірантуру і пачала вывучаць антрапалогію. Тут яна наведала семінар Альфрэда Крэбера, аднаго з вядучых антраполагаў ЗША, які быў старэйшы за яе на 21 год і таксама быў удаўцом. У 1926 годзе яны пажаніліся[6][5]. У іх нарадзіліся двое дзяцей. Іх сын Карл стаў навукоўцам, дачка Урсула — пісьменніцай[7]. Альфрэд таксама ўсынавіў двух дзяцей жонкі ад першага шлюбу. У чэрвені 1926 года муж і жонка адправіліся ў 8-месячную экспедыцыю на тэрыторыю Наска ў Пяру[5]. У 1942 годзе ў іх была яшчэ адна экспедыцыя ў Перу, падчас якой яны вывучалі плямёны юрок і махавэ[6].
У 1926 годзе Кробер апублікавала першую навуковую працу ў часопісе American Anthropologist[7][8]. У далейшым яна вярнулася да напісання кніг і навуковай працы ўжо пасля таго, як яе дзеці выраслі[5]. У 1959 годзе яна апублікавала зборнік легенд каліфарнійскіх індзейцаў The Inland Whale[5]. У 1960 годзе Кробер аўдавела. Праз год яна апублікавала кнігу «Ішы ў двух мірах» пра індзейца Ішы, з якім працаваў яе муж[5]. Кніга атрымала шырокі поспех і стала бэстсэлерам, і сама вучоная стала вядомай[6]. Твор быў перакладзены на дзевяць моў. «Ішы ў двух мірах» лічыцца адной з найбольш вядомых кніг пра індзейцаў[7]. Да 2001 года было прададзена больш за мільён копій твора[9]. Кробер таксама апублікавала біяграфію свайго мужа Alfred Kroeber, A Personal Configuratio і пісала апавяданні, артыкулы і паэзію[7].
У 1969 годзе Кробер выйшла замуж за мастака і псіхатэрапеўта Джона Куіна. Ён быў маладзейшы за жонку на 40 гадоў[6]. Пасля замужжа яна таксама стала цікавіцца мастацтвам. Яна памерла ў 1979 годзе на 83-м годзе жыцця[7].