Тэнгеры (Wong Tengger) | |
Агульная колькасць | 99 тыс. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | востраў Ява |
Мова | яванская |
Рэлігія | індуізм |
Блізкія этнічныя групы | яванцы, осінг |
Тэнге́ры (яв.: Wong Tengger) — карэнныя насельнікі вострава Ява ў Інданезіі. Жывуць у 30 вёсках на ўсходзе вострава вакол гары Брома. Агульная колькасць (2016 г.) — 99 тыс. чал.[1] У Інданезіі разглядаюцца як субэтнічная група яванцаў.
Тэнгеры лічаць сябе нашчадкамі прадстаўнікоў манархічнай дынастыі яванскай індуісцкай дзяржавы Маджапахіт, якая была разбурана мусульманамі ў 1527 г. Меней значныя індуісцкія дзяржавы на Яве праіснавалі да канца XVIII ст. Тэнгеры сцвярджаюць, што іх назва паходзіць ад імёнаў маджапахіцкай прынцэсы Рары Антэнг і святара Джака Сегеры. Яны сустрэліся ў гарах падчас бегства Рары і далі пачатак усім тэнгерам. Назва народа таксама можа паходзіць ад яванскага слова tengger («моцны», «устойлівы»)[2]. У адрозненне ад іншых яванцаў, тэнгеры спавядаюць індуізм.
Тэнгеры насяляюць узвышаннае вулканічнае плато. Займаюцца ручным земляробствам, вырошчваюць кукурузу і гародніну. Хатнія жывёлы — козы, коні, куры, значна радзей буйвалы. Важнае значэнне мае гандаль з яванцамі драўнінай і драўняным вугалем.
Жывуць буйнымі родамі ў вялікіх вёсках. Хаціны будуюць з бамбуку, крыюць дранкай або чарапіцай. Печаў для абагравання жытла не маюць. Спяць на лавах уздоўж сцен. Галоўная частка вопраткі — саронг, тканіну для якога звычайна прывозяць з Балі. Асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца абшчына, якая кантралюе навакольныя землі і аб’ядноўвае нуклеарныя сем’і.
Тэнгеры знакаміты сваімі маляўнічымі рэлігійнымі святамі. Карыстаюцца свяшчэннымі кнігамі на старажытнаяванскай мове.
Сваю рэлігію самі тэнгеры вызначаюць як індуізм, хаця на яе моцны ўплыў аказалі будызм, традыцыйныя культы і іслам. Гэта нават прывяло да канфлікту з усходнеяванскай індуісцкай абшчынай. У 1973 г. індуісты Усходняй Явы заявілі, што рэлігія тэнгераў — гэта будызм[2]. Сапраўды, у адрозненне ад індуістаў-балійцаў, тэнгеры не будуюць храмаў, а па будысцкаму звычаю праводзяць абрады пад дрэвам, шануюць Буду, не прызнаюць каставай сістэмы, пахавальны рытуал і ахвярапрынашэнні жывёл нагадваюць мусульманскія. Але яны таксама шануюць гару Брома як увасабленне Брахмы, каля якой праводзяць абрады ў гонар свайго бажаства Санг Х’янг Відзі Васа[3][4]. Новы год святкуецца па індуісцкім календары.
На чале рэлігійнай абшчыны стаіць жрэц дукун, якому падпарадкоўваюцца вясковыя знахары.