Славутасць | |
Тэрмы Клюні | |
---|---|
| |
48°51′03″ пн. ш. 2°20′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Тэ́рмы Клюні́ (фр.: Thermes de Cluny) — руіны гала-рымскіх тэрм, якія знаходзяцца ў сэрцы Лацінскага квартала ў Парыжы. З’яўляюцца часткай Музея Сярэднявечча.
Меркавана, тэрмы былі пабудаваныя ў пачатку III стагоддзя. Лічыцца, што тэрмы былі пабудаваныя ўплывовай гільдыяй лодачнікаў Лютэцыі, аднак гэты факт пастаўлены пад сумненне з-за адсутнасці доказаў.
Да нашых дзён захавалася прыкладна трэць ад антычнага лазневага комплексу. У найбольш добрым стане захаваўся фрыгідарый з дакладнымі архітэктурнымі дэталямі, тыповымі для архітэктуры Рымскай Галіі, як-то: аркі, калоны і кансолі, фрагменты насценнага жывапісу і мазаікі.
Як і ўсе рымскія тэрмы, тэрмы Клюні былі публічнымі і бясплатнымі. Паколькі тэрмы размяшчаліся ўздоўж кардо Лютэцыі на левым беразе Сены і былі не абароненыя абарончымі збудаваннямі, у канцы III стагоддзя яны падвергліся нападу варварскіх плямёнаў і былі зруйнаваны.
Сёння Тэрмы Клюні часткова ўключаны ў Музей Сярэднявечча і з’яўляюцца сховішчам гістарычных каменных муроў, выяўленых на тэрыторыі Парыжа. Фрыгідарый, які цалкам захаваўся, належыць музею і з’яўляецца месцам выстаўкі для Калоны лодачнікаў (фр.: Pilier des Nautes). Акрамя гэтага былая палестра цяпер з’яўляецца часткай галерэі 9 (Галерэя французскіх каралёў і скульптур Нотр-Дама ). Руіны кальдарыя і тэпідарыя размешчаныя звонку музея.
Тэрмы Клюні на Вікісховішчы |