У чаканні Гадо

У чаканні Гадо
En attendant Godot
Выданне
Жанр трагікамедыя
Аўтар Семюэл Бекет
Мова арыгінала французская
Дата напісання канец 1940-х
Дата першай публікацыі 1952
Электронная версія
Персанажы Vladimir[d], Estragon[d], Pozzo[d] і Lucky[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У чака́нні Гадо́ (падзагаловак: трагікамедыя ў 2 дзеях; фр.: En attendant Godot) — п'еса абсурду, напісаная Семюэлам Бекетам у канцы 1940-х і ўпершыню надрукаваная ў 1952 годзе ў выдавецтве Grove Press пасля некалькіх адмоў прэстыжных выдавецтваў. У арыгінале «Гадо» напісаны па-французску, на мове засвоенай аўтарам у дарослым жыцці, пад назвай «En attendant Godot» (у літаральным перакладзе: «Чакаючы на Гадо»). Англамоўны пераклад, зроблены аўтарам, быў выдадзены ў 1955 годзе.

П'еса ўпершыню была пастаўлена па-французску ў Théâtre de Babylone, у Парыжы ў 1953 годзе. Англамоўная прэм'ера адбылася ў жніўні 1955 года ў Arts Theatre, у Лондане, у пастаноўцы 24-гадовага Пітэра Хола.

Беларускі пераклад

[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову галоўную п'есу Бекета пераклаў Віталь Воранаў у 2003 годзе і прымеркаваў пераклад да 100-годдзя ірландскага пісьменніка, якое шырока святкавалася ў 2006 годзе. У 2005 годзе ў выдавецтве Логвінаў у Мінску тыражом 200 асобнікаў была выдадзена п'еса «У чаканні Гадо». Рэдактарам выступіў паэт Андрэй Хадановіч. Каментары зробленыя перакладчыкам паводле Антонія Ліберы — сябры Семюэля Бекета. На вокладцы выкарыстаная праца Яўгена Адзіночанкі.

Дзейныя асобы і значэнне іх імёнаў

[правіць | правіць зыходнік]

Гадо (Godot) — слова складаецца з асновы «God-» (па-англійску: Бог) і канчатка «-ot» (памяншальны канчатак французскай мовы). Таму для англійскага чытача гэта імя гучыць прыкладна як «Багот», «Гаспот» (зразумелая аснова, незразумелы канчатак), а для французскага чытача як «Гадок», «Гадочак» (незразумелая аснова, зразумелы канчатак). Цалкам чытэльным адпаведнікам у беларускай мове можа быць «Божачка» альбо «Божухна».

Эстрагон (Estragon) — від палыну з вялікай колькасцю эфірных алеяў, які ўжываецца ў якасці вострых прыпраў для ўзбуджэння апетыту.

Уладзімір (Vladimir) — у абшары славянскіх моў азначае «ўладар свету».

Лёсік (Lucky) — шчаслівец, той каму спрыяе лёс. Lucky — адна з самых распаўсюджаных сабачых мянушак у англамоўных краінах.

Пахно (Pozzo) — італьянскае слова, якое азначае ўнітаз, памыйніцу. Па-беларуску «Пахно» — гэта спаражненне, кал, смурод. Для англійскага і французскага чытача імя незразумелае. У беларускім перакладзе падаецца адпаведнік, чытэльны таксама выключна для спецыялістаў, так што задума аўтара захоўваецца.

Значэнныя таксама мянушкі імёнаў двух галоўных герояў: Дзідзі (Didi) і Гога (Gogo). «Dis-dis» па-французску «кажы-кажы», «go-go» па-англійску «ідзі-ідзі».

Эсрагон: Што рабіцьмем?
Уладзімір: Не ведаю.
Эстрагон: Хадзем.
Уладзімір: Нельга.
Эстрагон: Чаму?
Уладзімір: Мы чакаем Гадо.
Эстрагон: І праўда.


Пахно: (раптоўна раз'юшваецца). Ці вы перастанеце ўрэшце мучыць мяне гэтым праклятым часам? Гэта немагчыма! Калі! Калі! Аднойчы, ці вам гэтага не дастаткова, аднаго разу, такога ж, як іншыя, ён анямеў, я аслеп, аднаго разу мы зробімся глухія, аднаго разу мы нарадзіліся, аднаго разу мы памрэм, у адзін дзень, у нейкую хвіліну, гэтага вам не дастаткова? (Спакайней.) Яны нараджаюць, стоячы на краі магілы, святло свеціць толькі адно імгненне, а пасля зноў ноч, зноў ноч…