Уайтхол (Whitehall) — вуліца ў цэнтры Лондана, назва якой стала намінальным абазначэннем брытанскага ўрада.
Вядзе ад будынка Брытанскага парламента ў Вэстмінстэры да Трафальгарскай плошчы. Раней тут размяшчаўся аднайменны каралеўскі палац, ад якога захаваўся толькі Банкетны дом (1622, арх. Ініга Джонс). Месца палацавых пабудоў з часам занялі будынкі Адміралцейства і Міністэрства абароны. З гэтым звязана і размяшчэнне на вуліцы помніка брытанскім салдатам, загінулым падчас Першай сусветнай вайны. Да Уайтхола прылягае Даўнінг-стрыт (з рэзідэнцыяй прэм'ер-міністра).