Уйгу́рскае пісьмо́, ці старо́е уйгу́рскае пісьмо́ — літарна-гукавое пісьмо, якім карыстаюцца цюркамоўныя народнасці Усходняга Туркестана.
Склалася на аснове сагдыйскага пісьма, якое ў сваю чаргу развілося з арамейскага пісьма.
Літары уйгурскага пісьма ішлі зверху ўніз, радкі — злева направа. Адрозніваліся розныя формы літар у залежнасці ад іх месца ў слове, а таксама кніжны почырк (у тэкстах рэлігійнай літаратуры) і скарапісны курсіў (дзелавыя паперы і інш.).
Першыя датаваныя помнікі вядомы з пачатку 8 ст. Пашырэнне атрымала ў 9—13 ст. у цюркскіх плямён, якія вызнавалі будыйскую рэлігію. Пасля прыняцця гэтымі народамі ісламу яно было выцеснена арабскім пісьмом, але ў будыйскіх манастырах уйгурскае пісьмо выкарыстоўвалі і ў 18 ст.
У 13 ст. уйгурскае пісьмо было запазычана манголамі, у якіх яно было пераўтворана ў мангольскае пісьмо. На аснове уйгурскага пісьма створана і маньчжурскае пісьмо.