Уладзімір Андрэевіч Сцякло́ў[7] (руск.: Владимир Андреевич Стеклов; 28 снежня 1863 (9 студзеня 1864) — 30 мая 1926) — расійскі матэматык і механік, арганізатар і гісторык навукі, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук (1912, член-карэспандэнт з 1902), віцэ-прэзідэнт Акадэмі навук СССР (1919—1926), ганаровы доктар Таронцкага ўніверсітэта (1924)[8], замежны ганаровы член Гётынгенскай акадэміі навук (1926).
Нарадзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў сям’і святара. У 1882 годзе скончыў Ніжагародскі дваранскі інстытут і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1883 годзе пераёўся ў Харкаўскі ўніверсітэт, які скончыў у 1887 годзе. З 1889 года У. А. Сцяклоў асістэнт, з 1891 года прыват-дацэнт, з 1896 года прафесар кафедры механікі, затым дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Харкаўскага універсітэта. У 1893—1905 гадах выкладаў тэарэтычную механіку ў Харкаўскім тэхналагічным інстытуце, у 1902—1906 гадах — старшыня Харкаўскага матэматычнага таварыства. У 1894 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «О движении твёрдого тела в жидкости», у 1902 годзе доктарскую «Общие методы решения основных задач математической физики»[9]. У 1907—1911 гадах — выкладчык на Вышэйшых жаночых (Бястужаўскіх) курсах у Санкт-Пецярбургу[9]. З 1912 года У. А. Сцяклоў акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук, у 1921—1926 гадах — дырэктар Фізіка-матэматычнага інстытута Акадэміі навук СССР.
Памёр У. А. Сцяклоў 30 мая 1926 года.
Уладзімір Андрэевіч Сцяклоў аўтар каля 150 навуковых прац (у тым ліку, манаграфій) па матэматычнай фізіцы, матэматычным аналізе, механіцы, гідрадынаміцы, тэорыі пругкасці, гісторыі матэматыкі. Атрымаў важныя вынікі ў тэорыі патэнцыялу і тэорыі цеплаправоднасці, распаўсюдзіў існуючыя метады вырашэння адпаведных задач на шырокі клас нявыпуклых абласцей. Даказаў існаванне функцыі Грына для названых абласцей і знайшоў для яе аналітычны выраз. Распрацаваў методыку вырашэння асноўных краявых задач матэматычнай фізікі, даказаў існаванне фундаментальных функцый і пабудаваў іх тэорыю. Даследаваў рух цвёрдага цела ў вадкасці, тэорыю віхраў, рух эліпсоіда, рух цвёрдага цела з эліпсоіднай поласцю, запоўненай вадкасцю.
Аўтар кніг і нарысаў аб навуковай дзейнасці М. В. Ламаносава, М. І. Лабачэўскага, П. Л. Чабышова, М. В. Астраградскага, А. А. Маркава, Анры Пуанкарэ, Галілеа Галілея і іншых вучоных; шэрагу навучальных дапаможнікаў, публікацый па актуальных пытаннях навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасці.
Сярод апублікаваных прац У. А. Сцяклова
Імя У. А. Сцяклова прысвоена Матэматычнаму інстытуту РАН. У гонар вучонага названы кратар на Месяцы. На будынку Дома акадэмікаў у Санкт-Пецярбургу ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 2014 годзе ў гонар 150-годдзя з дня нараджэння У. А. Сцяклова ў Расіі выпушчана паштовая марка з партрэтам вучонага і выявай функцыі Сцяклова.