Уладзімір Фёдаравіч Мінорскі | |
---|---|
руск.: Владимир Фёдорович Минорский | |
Дата нараджэння | 6 лютага 1877[1] ці 5 лютага 1877[2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 сакавіка 1966[3][4] (89 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | дыпламат, гісторык, усходазнавец, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | усходазнаўства |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук |
Альма-матар |
|
Вядомыя вучні | Юрый Мікалаевіч Рэрых[d], Clifford Edmund Bosworth[d], Q97315282? і Roger Savory[d] |
Член у |
Уладзімір Фёдаравіч Мінорскі (руск.: Владимир Фёдорович Минорский, англ.: Vladimir Minorsky; 24 студзеня [5 лютага] 1877, Карчава, Цвярская губерня, Расійская імперыя — 25 сакавіка 1966, Кембрыдж, Англія, Вялікабрытанія) — расійскі акадэмік яўрэйскага паходжання, усходазнаўца і дыпламат, даследчык гісторыі, гістарычнай геаграфіі, літаратуры і культуры Персіі і Каўказа, у асаблівасці лазаў, лураў і курдаў. Рускі эмігрант першай хвалі, які жыў і навучаў у Францыі і Англіі.
Нарадзіўся ў 24 студзеня (5 лютага) 1877 года[заўвага 1] ў яўрэйскай сям’і горада Карчава Цвярской губерні ў Расійскай імперыі. Пляменнік рабіна Шлома Залкінда Мінора.
Скончыў 4-ю Маскоўскую гімназію з залатым медалём (1896)[7], юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1900) і Лазарэўскі інстытут усходніх моў (1903). Вучань Агатангела Крымскага. Прыняў праваслаўе[8].
У 1903 годзе паступіў у Азіяцкі дэпартамент МЗС. У 1904 годзе абраны членам Маскоўскага археалагічнага таварыства. Служыў дыпламатам у Іране і Турцыі: драгаман генконсульства ў Таўрызе (1904—1908), другі драгаман місіі (з 1906 года). Палявым спосабам вывучыў курдскую мову, што дапамагло яму стаць адным з найвыдатнейшых курдазнаўцаў свайго часу.
Курдскае пытанне ў Персіі, несумненна, рана ці позна зверне на сябе ўсеагульную ўвагу… З усімі пытаннямі, якія тычацца курдаў, так ці інакш звязана Турцыя, якая пры ўсіх выпадках стараецца атрымаць карысць са слабасці сваёй суседкі Персіі. |
— па-прарочы пісаў У. Ф. Мінорскі ў 1905 годзе.
З чэрвеня 1909 года — чыноўнік па дыпламатычнай частцы пры Туркестанскім генерал-губернатары.
У 1911 годзе выдаў манаграфію пра шыіцкую секту Ахл-э Хакк («Людзі ісціны»), за якую быў удастоены залатога медаля секцыі этнаграфіі Імператарскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Секта Ахл-э Хакк была заснавана ў канцы XIV стагоддзя. Большасць яе чальцоў паўднёвыя курды захаду Ірана і паўночнага ўсходу Ірака, а таксама прадстаўнікі народа заза. Лік прыхільнікаў Ахл-э Хакк у той час дасягаў 2 мільёнаў чалавек. Іхняе веравучэнне ўтварылася ў рамках ісламскай культуры, у яго аснове ляжаць уяўленні пра паслядоўнае ўвасабленне Бажаства, рэінкарнацыю і дасягненне выратавання праз самаўдасканаленне пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка.
З 1912 года У. Ф. Мінорскі — 2-гі сакратар расійскага пасольства ў Канстанцінопалі. У 1913 годзе ажаніўся[заўвага 2] на Таццяне Аляксееўне Шабунінай (1894—?), дачцэ сапраўднага стацкага саветніка, генеральнага консула ў Канстанцінопалі Аляксея Фёдаравіча Шабуніна.
4 лістапада 1913 г. Мінорскі быў уключаны ў склад чатырохбаковай камісіі (расійска-брытана-турэцка-персідскай[заўвага 3]) па Турэцка-персідскім размежаванні. Расійскі камісар Уладзімір Мінорскі ўзначаліў размежавальныя працы ў Паўночна-Заходняй Персіі. Кіруючыся геапалітычнымі інтарэсамі Расіі, Мінорскі ў спрэчных дэмаркацыйных пытаннях стараўся падтрымліваць Персію, дзе расійскі ўплыў тады быў дастаткова моцным. У выніку працы камісіі часова акупаваныя туркамі раёны Курдыстана былі вернуты Ірану.
З 1915 года Мінорскі — 1-шы сакратар расійскай місіі ў Персіі; у лютым 1917 года ўступіў у кіраванне місіяй як павераны ў справах.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі — эмігрант (de jure — невяртанец[9]). Да траўня 1919 гады ён заставаўся ў Тэгеране, затым доўга пражыў у Францыі. Працаваў у пасольстве Расійскай імперыі ў Парыжы (аж да яго закрыцця) экспертам па Блізкім Усходзе і Каўказе.
З 1923 года чытаў лекцыі па персідскай літаратуры і гісторыі ісламу ў Нацыянальнай школе жывых усходніх моў (École nationale des langues orientales vivantes) у Парыжы.
У 1930 г. прызначаны «ўсходнім сакратаром» прызначанай на 1931 год Міжнароднай выставы персідскага мастацтва ў Берлінгтан-Хаўсе (Лондан). У 1932 годзе канчаткова пераехаў у Вялікабрытанію і пачаў выкладаць персідскую мову ў Лонданскім універсітэце[заўвага 4]. Унёс вялікі ўклад у галіне цюркскіх, мангольскіх, каўказскіх, армянскіх і візантыйскіх гістарычных даследаванняў. Сапраўдны член Брытанскай і Французскай акадэмій навук, Азіяцкіх таварыстваў Францыі і Германіі, ганаровы доктар Кембрыджскага і Брусэльскага ўніверсітэтаў.
У 1934 годзе Мінорскі ўдзельнічаў у святкаванні Тысячагоддзя Фірдаўсі ў Тэгеране.
У 1937 годзе ён атрымаў званне прафесара. У 1944 годзе выйшаў у адстаўку.
У 1946 годзе У. Ф. Мінорскі зрабіў палітычную заяву, якая асудзіла міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Эрнэста Бевіна, салідарнага з прэм’ер-міністрам Турцыі Сараджоглу ў тым, што, нібыта, «у рэгіёнах Карса і Ардахана няма армян». Мінорскі нагадаў вядомыя словы Гітлера: «Хто сёння памятае аб разні армян?!» і ўказаў, што памяць чалавецтва не такая ўжо кароткая і яно памятае, што зрабілі младатуркі з армянамі.
У 1948—1949 гадах Мінорскі выкладаў ва Універсітэце Фуада (Каір).
У 1960 годзе быў запрошаны Акадэміяй навук СССР для ўдзелу ў XXIII Міжнародным кангрэсе ўсходазнаўцаў у Маскве.
Калі ў 1962 годзе Інстытут усходазнаўства АН СССР правёў навуковую сесію, прысвечаную 60-годдзю з дня нараджэння дачасна памерлага Юрыя Мікалаевіча Рэрыха, Мінорскі адгукнуўся невялікім нарысам пра свайго сябра і вучня, дзе, у прыватнасці, успамінаў:
У пачатку 1920-х гадоў я вёў у Парыжскай школе ўсходніх моў семінар па «Шах-намэ»… Раптам нашае супрацоўніцтва папоўнілася новым госцем з далёкага захаду. Юрый Мікалаевіч толькі што скончыў у Гарвардзе аддзяленне далёкаўсходніх моў і санскрыту і прыехаў папоўніць свае веды пад кіраўніцтвам Поля Пеліо і іншых французскіх свяціл… Я думаў, што ён зазірнуў у маю аўдыторыю проста пацікавіцца, што там робіцца, але аказалася, што ён вельмі нядрэнна ведаў па-персідску, і адразу прыняў актыўны ўдзел у нашых занятках… Юрый Мікалаевіч свабодна размаўляў на еўрапейскіх мовах і хутка наладжваў адносіны. Я быў вельмі шчаслівы даведацца, што такі буйны знаўца глыбінь Азіі — вучоны не толькі па кнігах, але і па непасрэдных кантактах з народамі і землямі, якім ён прысвяціў сваё жыццё, — знайшоў сваё месца ў Маскве… Я думаў з радасцю, што Юрый Мікалаевіч, ад якога можна было чакаць яшчэ шмат гадоў навуковай дзейнасці, уступіць у строй, каб прадоўжыць нашу навуковую традыцыю, што вакол яго збярэцца моладзь, што ён стане жаданым «каталізатарам» новых сіл і імкненняў. Лёс судзіў інакш. Ён усміхнуўся нам нечаканай магчымасцю пабываць на Радзіме, але не дазволіў заспець Юрыя Мікалаевіча ў жывых.
Арыгінальны тэкст (руск.)
В начале 1920-х годов я вёл в Парижской школе восточных языков семинар по «Шах-наме»… Внезапно наше сотрудничество пополнилось новым гостем с дальнего запада. Юрий Николаевич только что закончил в Гарварде отделение дальневосточных языков и санскрита и приехал пополнить свои знания под руководством Поля Пеллио и других французских светил… Я думал, что он заглянул в мою аудиторию просто полюбопытствовать, что там делается, но оказалось, что он очень недурно знал по-персидски, и тотчас принял активное участие в наших занятиях… Юрий Николаевич свободно говорил на европейских языках и быстро устанавливал отношения. Я был крайне счастлив узнать, что такой крупный знаток глубин Азии — учёный не только по книгам, но и по непосредственным контактам с народами и землями, которым он посвятил свою жизнь, — нашёл своё место в Москве… Я думал с радостью, что Юрий Николаевич, от которого можно было ждать ещё много лет научной деятельности, вступит в строй, чтобы продолжить нашу научную традицию, что вокруг него соберётся молодёжь, что он станет желанным «катализатором» новых сил и стремлений. Судьба судила иначе. Она улыбнулась нам неожиданной возможностью побывать на Родине, но не позволила застать Юрия Николаевича в живых. |
Памёр Уладзімір Фёдаравіч 25 сакавіка 1966 года ў Англіі, у Кембрыджы. Згодна з завяшчаннем, урна з яго прахам была перавезена ў Маскву і пахавана на Новадзявочых могілках.