У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам Б'ёрндален.
Уле-Эйнар Б’ёрндален (нарв.: Ole Einar Bjørndalen; нар. 27 студзеня1974, горад Драмен, фюльке Бускеруд, Нарвегія) — выбітны нарвежскі біятланіст і лыжнік. Самы тытулаваны біятланіст у гісторыі Алімпійскіх гульняў (8 залатых узнагарод), чэмпіянатаў свету (20 перамог) і Кубкаў свету (6 перамог у агульным заліку),
Чатыры з чатырох магчымых перамог атрымаў Уле-Эйнар у біятлоне на зімовых Алімпійскіх гульнях 2002 года ў Солт-Лейк-Сіці і стаў адзіным у свеце абсалютным алімпійскім чэмпіёнам па біятлоне. Б’ёрндален атрымаў 96 перамог у біятлоне і лыжных гонках на этапах Кубка свету (95 і 1 адпаведна), і па гэтым паказчыку ён займае другое месца сярод усіх спартсменаў зімовых відаў спорту.
Яму належыць рэкорд па ліку перамог на этапах Кубку свету па біятлоне (95). Б’ёрндален з’яўляецца самым тытулаваным біятланістам ў гісторыі Алімпійскіх гульняў (8-4-1) і чэмпіянатаў свету (20-14-11)[3].
У сезоне 2017-18 Уле-Эйнар Б’ёрндален не здолеў прабіцца ў склад зборнай Нарвегіі для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях-2018 і паехаў у Пхёнчхан з камандай Беларусі, каб падтрымаць жонку Дар’ю Домрачаву. 3 красавіка 2018 аб’явіў пра завяршэнне спартыўнай кар’еры[4][5].
З верасня 2019 года Уле Эйнар Б’ёрндален заняў пасаду галоўнага трэнера зборнай Кітая, а Дар’я Домрачава будзе рыхтаваць жаночую каманду.