Ульфільда Хакансдотэр | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
шведск.: Ulvhild Håkansdotter | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Рагнгільда Шведская Рыкса Баляславаўна |
||||||
Пераемнік | Рыкса Баляславаўна | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1090-я ці 1095 |
||||||
Смерць |
1148 |
||||||
Бацька | Хакан Фінсан[d][1] | ||||||
Маці | NN[d][2] | ||||||
Муж | Нільс[3], Сверкер I[3] і Інгэ II Малодшы[3] | ||||||
Дзеці | Карл Сверкерсан, Хелена Шведская[1] і Ёхан Сверкерсан[d][1] |
Ульфільда Хакансдотэр (шведск.: Ulfhild, англ.: Wulfhild, Wolfhild; 1095 — каля 1148) — сярэднявечная скандынаўская каралева, двойчы каралева Швецыі (1117 — каля 1125 і каля 1134 — каля 1148) і аднойчы каралева Даніі (каля 1130 — каля 1134). У першым шлюбе была жонкай караля Швецыі Інгэ Малодшага, у другім — караля Даніі Нільса, а ў трэцім — караля Швецыі Сверкера I. Яна разглядаецца як фатальная жанчына сярэднявечнай Скандынавіі, а таксама як дабрадзейка каталіцкай царквы.
Ульфільда Хакансдотэр нарадзілася ў Нарвегіі. Сага «Прыгожая скура» называе яе бацькам нарвежскага магната Хакана Фінсана. Імя яе маці не захавалася, аднак сучасныя гісторыкі мяркуюць, што яе маці магла быць былая каралева Нарвегіі і Даніі Маргарэт Фрэдкула, дачка Інгэ Старэйшага[4] .
Юная Ульфхільда была выдадзена замуж за шведскага караля Інгэ Малодшага прыкладна ў 1116—17 гадах. У іх не было дзяцей. Інгэ быў малодшым з двух кіруючых братоў. Старэйшы брат, кароль Філіп, памёр у 1118 пры невядомых абставінах, пакінуўшы Інгэ адзіным кіраўніком. Кароткая хроніка ў «Законе Готланда» абвяшчае, што кароль Інгэ памёр ад злога напою ў Эстэргётландзе. Некаторыя пазнейшыя крыніцы называюць месцам забойства абацтва Урэта. Гэта здарылася да 1129 года, хоць дакладная дата невядомая[5] .
Праз некаторы час пасля смерці караля Інгэ Ульфхільда пераехала ў Данію, а не вярнулася ў Нарвегію. Магчыма, яна зрабіла гэта, каб запатрабаваць прытулку: у яе, па ўсёй бачнасці, былі сваякі і саюзнікі ў Даніі, у той час як у Швецыі была палітычная нестабільнасць[6] . Яна выйшла замуж за караля Даніі Нільса пасля смерці яго першай жонкі, Маргарэт Фрэдкулы са Швецыі, каля 1130 года. Шлюб прыкладна супаў з абвяшчэннем сына Нільса Магнуса Моцнага каралём у некаторых частках Швецыі. Тым не менш, Ульфхільда нацкавала свайго пасынка Магнуса на яго стрыечнага брата і суперніка Кнуда Лаварда[4] . Кнуд быў у канчатковым выніку забіты Магнусам у 1131 годзе.
У Даніі пачалася грамадзянская вайна, калі Нільс і Магнус выступілі супраць прэтэндэнта Эрыка Эрыксана. Шлюб паміж Нільсам і Ульфхільдай не быў гарманічным, да таго ж Нільс быў на 20-30 гадоў старэйшы за сваю жонку. Летапісец Саксон Граматык піша пра драматычнае расставанне: «Між тым шведы, калі яны пачулі, што Магнус быў заняты вайной у Даніі, абвясцілі свайго суайчынніка па імі Сверкер, чалавека нізкага паходжання, сваім каралём; не таму, што яны яго настолькі шанавалі, але таму, што не хацелі, каб ім кіраваў іншаземец. Паколькі на чале яны прывыклі мець суайчынніка, яны не маглі пагадзіцца з тым, каб імі кіраваў іншаземец. Нільс ажаніўся з Ульфхільдай з Нарвегіі пасля смерці Маргарэт. Сверкер пісаў ёй і папрасіў ад яе кахання. Неўзабаве пасля гэтага ён таемна павёз яе ад мужа і прымусіў выйсці за яго замуж. З гэтай палюбоўніцай, якую ён ілжыва назваў сваёй жонкай, ён прыжыў сына Карла, які стаў каралём пасля яго»[7].
Уцёкі Ульфхільды з Даніі не датаваны, але павінны былі мець месца паміж 1132 і 1134 гадамі. Цікавая гісторыя ўцёкаў можа быць растлумачаная пазіцыяй Ульфхільды. Як удава Інгэ II, яна мела ўладанне і ўплыў вымерлага дома Стэнкіляў. Калі яе пасынка Магнуса выслалі са Швецыі, шлюб з Ульфхільдай узаконіў узыходжанне на пасад Сверкера, які не быў каралеўскай крыві. Наколькі вядома, не было ніякіх пярэчанняў (акрамя частковага саксонскага) супраць яе трэцяга шлюбу або супраць законнасці яе дзяцей. Наадварот, клерыкальныя хронікі высока адклікаюцца аб Ульфхільдзе, бо яна была дабрадзейкаю царквы. Па ініцыятыве Ульфхільды былі запрошаныя цыстэрцыянцы, якія заснавалі абацтва Альвастра і Нідала ў 1143 годзе[6][8]. Альвастра была заснавана на зямлі, якая была часткай вясельнага дару Сверкера Ульфхільдзе[8].
Ульфхільда памерла паміж 1143 і 1150 гадамі, прабыўшы каралевай як мінімум дзесяць гадоў. Сверкер ажаніўся ў другі раз з Рыхезай Польскай, удавой Магнуса, караля Гётэленда, суперніка Сверкера. Гэта таксама быў палітычна матываваны шлюб, які, магчыма, быў накіраваны на тое, каб прыцягнуць апошнія рэшткі партыі Магнуса да Сверкера[5] .
Хоць Ульфхільда тройчы выходзіла замуж, вядома толькі аб чатырох дзецях, якія выжылі, — усе ад яе трэцяга шлюбу з каралём Швецыі Сверкерам.