Урэчнік альпійскі, рдзест альпійскі[1][2] (Potamogeton alpinus) — від шматгадовых водных травяністых раслін роду Урэчнік (Potamogeton) сямейства Урэчнікавыя (Potamogetonaceae). Этымалогія: лац.: alpinus — «альпійскі»[3].
Мае вельмі разгалінаванае карэнішча. Сцёблы круглыя ў перасеку, без плям, да 200 см, звычайна неразгалінаваныя. Расліна часта афарбаваная чырвоным. Лісце спіральна размешчанае. Плывучае лісце можа быць напаўпразрыстым, ад эліптычнага да досыць вузкага, да 9х2,5 см, часам адсутнічае; ліставая пласціна чырванавата-зялёная. Пагружанае лісце ад ланцэтнага да вузка-эліптычнага, да 22х3,3 см, на вяршыні тупое, ад светла-карычневага да чырвонага колеру. Зялёныя кветкі 3—10 см даўжынёй. Плады 2,6—3,7 мм, ад аліўкава-зялёнага да карычневага колеру, зваротнаяйкападобныя. Храмасомы: (2n = 26, 52).
Еўропа, Азія, Грэнландыя, ЗША, Канада. Расце ў халодных і ўмераных абласцях паўночнага паўшар’я. Насяляе азёры, каналы, ручаі, асабліва на тарфяным грунце. Зрэдку культывуюць, лепш за ўсё размнажаецца дзяленнем карэнішчаў. Святлолюбівая расліна, гідрафіт, мезатроф[4].
- Potamogeton L. — Рдест // Определитель высших растений Беларуси (руск.) / Под ред. В. И. Парфёнова. — Мн.: Дизайн Про, 1999. — С. 335—337. — 472 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6182-78-6.