Усекітайскі Сход Народных Прадстаўнікоў (кіт.: 全国人民代表大会) — вышэйшы заканадаўчы орган (парламент) Кітайскай Народнай Рэспублікі, згодна з Канстытуцыяй КНР — вышэйшы орган дзяржаўнай улады краіны. У склад УСНП ўваходзяць дэпутаты, выбраныя ад правінцый, аўтаномных раёнаў, гарадоў цэнтральнага падпарадкавання і ўзброеных сіл.
Дэпутаты УСНП выбіраюцца на тэрмін 5 гадоў. Пры надзвычайных абставінах, якія робяць немагчымым правядзенне выбараў, дапускаецца адтэрміноўка выбараў дэпутатаў УСНП наступнага склікання. Такое рашэнне набывае сілу ў выпадку прыняцця большасцю (не менш 2/3 галасоў) усіх членаў Пастаяннага камітэта УСНП (ПК УСНП) дадзенага склікання. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў УСНП дадзенага склікання ў гэтым выпадку працягваецца.