Усесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук імя У. І. Леніна (УАСГНІЛ) — вышэйшая навукова-даследчая і каардынацыйна-метадычная ўстанова па воднай, лясной і сельскай гаспадарцыСССР.[8][9] У яе сістэму ўваходзіла больш за 150 навуковых устаноў.[10]
25 чэрвеня 1929 года выйшла Пастанова Савета Народных Камісараў СССР «Пра арганізацыю Усесаюзнай Акадэміі Сельска-Гаспадарчых Навук імя У. І. Леніна»[11]. Гэта дата лічыцца днём утварэння УАСГНІЛ.
У 1930 — 1940-я гады пасяджэнні УАСГНІЛ служылі пляцоўкай для палемікі паміж прыхільнікамі Т. Д. Лысенка і генетыкамі. Пасля снежаньскай сесіі УАСГНІЛ 1936 года (19-27 снежня 1936 года) кантроль над УАСГНІЛ атрымаў Т. Д. Лысенка, пасля чаго акадэмія амаль на трыццаць гадоў стала апорай лысенкаўшчыны. На «жнівеньскай сесіі УАСГНІЛ» (31 ліпеня — 7 жніўня 1948 г.) была ўведзена фармальная забарона на выкладанне «мендэлісцка-вейсманісцка-марганісцкай» генетыкі. Сесія негатыўна паўплывала на развіццё біялогіі ў СССР.
У 1992 годзе акадэмія спыніла сваё існаванне ў сувязі з распадам СССР і з’яўленнем незалежнай Расійскай Федэрацыі. Сваю апошнюю сесію УАСГНІЛ правяла 4 лютага 1992 года, праіснаваўшы 62 гады, 7 месяцаў і 10 дзён.
На пачатак 1970-х гадоў акадэмія мела восем рэгіянальных і дзесяць галіновых аддзяленняў. Акрамя таго, пры акадэміі дзейнічала 31 усесаюзная навукова-даследчая ўстанова.[12].
У 1969 годзе былі арганізаваныя два занальных аддзяленні: Сібірскае у горадзе Новасібірску і Паўднёвае ў Кіеве. 26 кастрычніка 1971 года ў Алма-Аце з’явілася Усходняе аддзяленне[13], якое аб’яднала 14 навукова-даследчых устаноў[14], доследныя станцыі і эксперыментальныя гаспадаркі[15].
У 1972 годзе арганізавана Заходняе аддзяленне УАСГНІЛ у Мінску і Сярэднеазіяцкае занальнае аддзяленне імя У. І. Леніна, размешчанае ў Ташкенце[16], а ў 1975 годзе функцыянавалі яшчэ два — Закаўказскае ў Тбілісі і Нечарназёмнай зоны СССР у Ленінградзе.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 30 студзеня 1992 года «Аб Расійскай Акадэміі сельскагаспадарчых навук» была створана новая Расійская акадэмія сельскагаспадарчых навук[17].