Фанк (англ.: funk) — адна з асноватворных плыняў афраамерыканскай музыкі. Тэрмін пазначае музычны напрамак, нароўні з соўлам, якія з’яўляюцца складнікамі рытм-н-блюз. Фарміраванне фанка пачалося ў 60-х гадах у процівагу рытм-н-блюзу, які набіраў камерцыйную папулярнасць. Заснавальнікамі стылю з’явіліся Джэймс Браўн, Джордж Клінтан і Слай Стоўн.
Слова фанк — жаргоннае, яно азначае танчыць так, каб моцна ўзмакрэць. Слова «фанк» («Get funk! Get funky!») джазавыя музыканты ўжывалі з пачатку XX стагоддзя, калі звярталіся да гледачоў, нароўні з ім ўжывалася слова «сканк» (англ. Skunk). Пазней слова «фанк» замацавалася за стылем музыкі, які лічыцца найбольш танцавальным ва ўсім рытм-н-блюзе.
Фанк, перш за ўсё, з’яўляецца танцавальнай музыкай, што вызначае яго музычныя асаблівасці: максімальная сінкапаванасць партый усіх інструментаў (сінкапаваны бас называецца «фанкі»), пульсаваны рытм, крыклівы вакал, шматразовае паўтарэнне кароткіх меладычных фраз. Лары Грэму часта прыпісваюць вынаходніцтва «ударнай тэхнікі ігры на бас-гітары» слэп, які з’яўляецца адметным элементам фанка. Гітарысты ў фанкавых гуртах граюць у рытмічным стылі, часта выкарыстоўваючы эфект гуку wah-wah. «Мёртвыя» або прыглушаныя ноты выкарыстоўваюцца ў рыфах, каб узмацніць ударныя элементы.