Фасцыёла пячоначная

Фасцыёла пячоначная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Fasciola hepatica Linnaeus, 1758


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  56135
NCBI  6192
EOL  590853

Фасцыёла пячоначная, ці пячоначны смактун, ці пячоначная двухвустка[1] (Fasciola hepatica, Distoma hepaticum[2]) — від паразітычных плоскіх чарвей сямейства фасцыяліды (Fasciolidae) пазатаксанамічнай падгрупы «пячоначных смактуноў  (укр.)», які інфікуе многіх млекакормячых, у тым ліку і чалавека. Гельмінтоз, які выклікае гэты гельмінт, адносіцца да групы фасцыялёзаў. Від распаўсюджаны ва ўсім свеце і мае вялікае значэнне з-за значных страт, што наносяцца авечкагадоўлі і развядзенню буйной рагатай жывёлы.

Цела даўжынёй 3 — 5 см, лісцепадобнае, укрытае шыпікамі[1]. Мае 2 прысоскі. Кішэчнік двухгаліністы. Нервовая сістэма складаецца з каляглотачнага кальца і 3 пар нервовых ствалоў. Выдзяляльная сістэма протанефрыдыяльнага тыпу. Гермафрадыт. Яйцы (даўжыня 0,12 — 0,149, шырыня 0,07 — 0,09 мм) жоўтыя або жоўта-карычневыя. Лічынка (мірацыдый) праходзіць стадыі развіцця — спарацысты, рэдыі, цэркарыя і адалескарыя[1].

Характарызуецца складаным жыццёвым цыклам. Частка гэтага цыклу адбываецца ў целе прамежкавага гаспадара — прэснаводнага малюска — балацяніка малога (Galba truncatula), у целе якога паразіт размнажаецца бясполым шляхам. Мікраскапічныя мірацыдыі (раснічастая лічынка), якія трапляюць у цела слімака, дзе і развіваюцца да стадыі хвастатай лічынкі і распаўсюджваюцца па вадаёмах і вільготных лугах, фарміруючы адаляскарыі на паверхні раслін або ў вадзе. Гэтыя адаляскарыі часта паядаюцца жывёламі, часам чалавекам, які спажывае зялёныя часткі раслін без тэрмічнай апрацоўкі. Кантакт з кіслым асяроддзем страўніка спрыяе працэсу выхаду з абалонкі. У дванаццаціперснай кішцы паразіт цалкам вызваляецца з абалонкі і прагрызае праз сценку шлях да брушной поласці. Чарвяк не патрабуе харчавання на гэтай стадыі, але як толькі яму ўдасца знайсці парэнхіму печані, на што звычайна траціцца некалькі дзён, ён пачынае жывіцца крывёю. Няспелая стадыя ў печані выклікае развіццё анеміі і з’яўленне іншых сімптомаў. Паразіт перамяшчаецца праз печань на працягу 5-6 тыдняў, пакуль не знойдзе жоўцевую пратоку, дзе ён дасягае дарослай стадыі і пачынае адкладаць яйцы. Адзін чарвяк адкладае да 25 тысяч яец у дзень, а ў прыплодзе авечкі з лёгкай формай заражэння налічваюць каля 500 тысяч яец[крыніца?].

  1. а б в Фасцыёла пячоначная // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 190
  2. Зюков А. М. (за участі Падалки Б. Я.) Гострі інфекційні хвороби та гельмінтози людини. Державне медичне видавництво УРСР, К. 1947. — 392 с.