Фасцыі

Ліктар з фасцыямі

Фасцыі (лац.: fasces, інакш фаскі, фасцы, таксама ліктарскія пучкі) — атрыбут улады цароў, у эпоху рымскай рэспублікі — вышэйшых магістратаў.

Перацягнутыя чырвоным шнуром або звязаныя рамянямі пучкі вязавых ці бярозавых дубцоў. Першапачаткова сімвалізавалі права магістрата дамагацца выканання сваіх рашэнняў сілай. Па-за межамі горада ў фасцыі ўтыкалася сякера, якія сімвалізавалі права магістрата караць смерцю і мілаваць падданых (унутры гарадоў вышэйшай інстанцыяй для смяротных прысудаў быў народ). Права нашэння фасцый замацоўвалася за ліктарамі. Пазней, у геральдыцы, ліктарскія фасцыі сталі сімвалізаваць дзяржаўнае і нацыянальнае адзінства, таксама ўспрымаюцца як сімвал абароны дзяржаўнасці. У такой трактоўцы яны выкарыстоўваюцца ў наш час мноствам дзяржаў і арганізацый.

Мяркуецца, што прататыпам фасцый быў персідскі барсман — рытуальны пучок перавязаных дубцоў тамарыкса, які трымаў у руцэ святар падчас зараастрыйскай літургіі. Паводле іншай версіі, фасцыі — інструмент цялесных пакаранняў (розгі), разам з сякерай — інструментам пакарання смерцю, паколькі ліктары выконвалі функцыі катаў.

Пазнейшая сімволіка

[правіць | правіць зыходнік]
Герб Францыі

Выяву фасцый можна сустрэць (як дэкаратыўны элемент) у шматлікіх пабудовах XVIII—XIX стагоддзя, на некаторых манетах Другой сусветнай вайны: (італьянскіх, албанскіх перыяду італьянскай акупацыі і французскіх перыяду ўрада Вішы).

У XVIII стагоддзі сімволіка ўкаранілася ў ЗША і Францыі. Сёння сімвалы фасцыі можна адшукаць на гербе Францыі, манеце, помніку Лінкальну, пячатцы Сената і па баках трыбуны Палаты Прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі.

Эмблема італьянскай нацыянальнай фашысцкай партыі

Ліктарскі пучок ёсць на гаржэце афіцэра «легіёна Віслы» (1809—1814).

Беніта Мусаліні, які кіраваўся ідэяй аднаўлення Рымскай імперыі, абраў пасля Першай сусветнай вайны фасцыі сімвалам сваёй партыі, адкуль і з'явілася яе назва — фашысцкая.