Фен — прылада, якая выдае накіраваны паток навакольнага ці нагрэтага паветра. Найважнейшай асаблівасцю фена з’яўляецца магчымасць падачы струменя паветра ў зададзеную вобласць. Паходжанне слова «фен» звязана з нямецкай маркай Fön, зарэгістраванай у 1908 годзе вытворцам электраабсталявання кампаніяй AEG, якая спасылалася на цёплы альпійскі вецер фён.
Вентылятар уцягвае паветра праз адзін са зрэзаў трубы, струмень паветра праходзіць каля электранагравальніка, награваецца і пакідае трубу праз процілеглы зрэз. На выходны зрэз трубы фена могуць быць усталяваныя розныя насадкі, якія змяняюць канфігурацыю паветранага струменя. Уваходны зрэз звычайна закрыты рашоткай для таго, каб прадухіліць трапленне ўнутр корпуса фена буйных прадметаў, напрыклад пальцаў.
Шэраг мадэляў фенаў дазваляе рэгуляваць тэмпературу і хуткасць струменя паветра на выхадзе. Рэгуляванне тэмпературы дасягаецца альбо ўключэннем раўналежна рознай колькасці награвальнікаў, альбо з дапамогай рэгуляванага тэрмастата, альбо зменай хуткасці струменя.
Існуюць дзве асноўныя разнавіднасці фенаў — фен для сушкі і кладкі валасоў і тэхнічны фен. Прынцып іх дзеяння аднолькавы, адрозненне толькі ў тэмпературы і хуткасці патоку паветра на выхадзе з прылады.