«Ферма» | |
---|---|
англ.: Animal Farm | |
| |
Жанр | казачная аповесць |
Аўтар | Джордж Оруэл |
Мова арыгінала | англійская |
Дата напісання | 1945 |
Дата першай публікацыі | 17 жніўня 1945 |
Выдавецтва | Harvill Secker[d] |
Месца публікацыі | Лондан |
Колькасць старонак | 92[1] |
Перакладчык | Сяргей Шупа |
Папярэдні | Coming Up for Air[d] |
Наступны | 1984 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Ферма» (англ.: «Animal farm») — дзіцячая казка-прыпавесць англійскага пісьменніка Джорджа Оруэла. Алегорыя таталітарнага грамадства. Дзеючыя асобы — свойскія жывёлы, якія паўсталі і скінулі фермера-гаспадара з мэтай пабудаваць справядлівае грамадства. Але ферма іх мары паступова эвалюцыяніруе ў таталітарную супольнасць.
Аповесць была напісана ў 1943 г., у час Другой сусветнай вайны. Паколькі СССР быў саюзнікам Вялікабрытаніі, аповесць Оруэла спачатку адмаўляліся друкаваць. Яна выйшла ў свет толькі ў 1945 г.
Ферма «Мэнар» прыйшла ў заняпад, а яе гаспадар містэр Джоўнс, алкаголік, дрэнна абыходзіўся з жывёламі. Стары кабан Маёр заклікаў перад смерцю ўсю фермерскую скаціну абараняць свае правы. Аднойчы, калі батракі Джоўнса забылі пакарміць жывёл, у тых лопнула цярпенне, і яны прагналі з фермы ўсіх людзей. На чале скаціны сталі свінні, як носьбіты высокага інтэлекту. Галоўнымі зрабіліся кабаны Сняжок і Напалеон. Дзеля стварэння новага, справядлівага грамадства жывёлы пачалі больш працаваць і паспяхова сабралі ўраджай. Ферма «Мэнар» (якую цяпер перайменавалі ў «Ферму жывёл») пачала патроху багацець.
Джоўнс сабраў іншых фермераў і паспрабаваў адбіць сваю маёмасць, але жывёлы разбілі і прагналі захопнікаў. Пасля бітвы Сняжок абвясціў свой план пабудовы электрастанцыі, каб забяспечыць усіх жывёл спрыяльнымі ўмовамі жыцця. На сцяне хлява былі запісаны запаветы новага грамадства:
Але кабан Напалеон пляце інтрыгі супраць Сняжка і прылюдна крытыкуе яго планы. Пазней ён нацкаваў на Сняжка сабак, якіх тайна выхаваў з маленькіх шчанюкоў, і Сняжок вымушаны быў збегчы з фермы. Тады Напалеон абвясціў сябе дыктатарам. Ён забараніў усеагульныя сходы і зацвердзіў за свіннямі манаполію на кіраванне фермаю. Жывёлы паступова рабіліся ўсё менш роўнымі: свінні пачалі атрымліваць усё больш ежы, тым часам як усе астатнія — усё менш. Усіх нязгодных знішчалі сабакі, якія падпарадкоўваліся Напалеону. Усе 7 запаветаў, якія напісаў на сценах яшчэ Сняжок, тайна перапісваліся альбо адмяняліся. Але многія звяры верылі ў справядлівасць Напалеона, асабіста наіўны конь Баксёр, які з цягам часу добраахвотна пачынаў працаваць усё больш і больш.
Напалеону пеліся панегірыкі, яго абвяшчалі аўтарам усіх прывідных дасягненняў фермы, якія пералічваліся на кожным сходзе. Напалеона абвясцілі Бацькам Усіх Жывёлаў, Пострахам Чалавецтва, Ахоўнікам Авечага Статка, Сябрам Качанятаў і г.д. Паміж тым першапачатковыя прынцыпы парушаліся: на чале з Напалеонам ферма пачала гандляваць з людзьмі. Курэй дзеля гэтага прымусілі здаваць свае яйкі ў агульнае сховішча. Свінні рабіліся ўсё больш прывілеяваным класам. Ферму абвясцілі Рэспублікай. А паколькі кандыдат у прэзідэнты быў толькі адзін — Напалеон, — то яго і выбралі.
Але раптам на ферму зноў напалі сяляне з наваколля. Адбылася страшэнная бітва. Млын, які старанна будавалі жывёлы ажно два гады, быў разбураны. Многія з жыхароў фермы загінулі, але вораг быў знішчаны. Па загаду Напалеона перамогу адсвяткавалі з пафасам і пампезнасцю, хаця многім было не да таго — яны былі параненыя, згубілі сваіх сяброў.
У хуткім часе наіўны і працавіты конь Баксёр, які аддаў усе свае сілы працы на ферме, пакалечыўся. Напалеон абяцаў паклапаціцца за слаўнага героя і ўдарніка, аплаціць яго лячэнне ў клініцы. А на самай справе здаў Баксёра на скуралупню, дзе людзі забілі каня і садралі з яго скуру. А Напалеон і свінні справілі для сябе свята і пілі гарэлку, якую купілі за жыццё Баксёра.
Ішлі гады, пакаленне жывёл на ферме амаль цалкам змянілася. Ідылічны лад так і не быў дасягнуты. На сцяне хлява, дзе былі запісаны 7 запаветаў, застаўся толькі адзін пункт, значна зменены: «Усе жывёлы роўныя, але некаторыя раўнейшыя за іншых». А Напалеон і свінні, які канчаткова ператварыліся ў кіруючую кліку, у наменклатуру, справілі застолле з людзьмі навакольных фермаў. На ім Напалеон абвясціў, што «Ферма жывёл» пераймяноўваецца ў «Мэнар» — гэтую ж самую назву яна насіла ў часы містэра Джоўнса. А нешматлікія жывёлы, якія здолелі падгледзець гэтае свята, пераводзілі вочы то на людзей (якія, па афіцыйнай ідэалогіі, былі эксплуататарамі скаціны), то на свіней і не разумелі, хто ёсць хто. Усе былі аднолькавыя.
На беларускую «Ферму» пераклаў С. Шупа (1992).